Мінсувязі не ведае, навошта патрэбны мабільны аператар з Амана
- 10.03.2010, 15:42
Зараз пытанне стварэння пятага мабільнага аператара ў Беларусі не разглядаецца, паведамілі ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.
Адказваючы на пытанне аб мэтазгоднасці стварэння новага мабільнага аператара і прыцягнення для гэтага замежнага капіталу, прадстаўнікі Мінсувязі адзначылі, што пакуль у гэтым няма неабходнасці, і перамовы з замежнымі кампаніямі па гэтым пытанні не вядуцца, перадае БелТА.
Раней падчас візіту ў Аман беларускай парламенцкай дэлегацыі старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ігар Войтаў паведаміў пра тое, што аманскія бізнесмены, якія працуюць у сферы тэлекамунікацый, зацікаўлены інвеставаць у Беларусь.
«Іх цікавіць пытанне, звязанае з магчымым стварэннем новых аператараў сувязі ў нашай рэспубліцы. Такія прапановы таксама трэба разглядаць. Чым больш будзе кампаній на рынку, тым вышэйшая канкурэнцыя і ніжэйшыя кошты на паслугі», - сказаў ён, удакладніўшы, што гаворка можа ісці аб стварэнні як аператара мабільнай сувязі, так і правайдэра інтэрнэт-паслуг.
Цяпер на тэрыторыі Беларусі працуюць 4 мабільныя аператары, 3 з якіх прадстаўлены на рынку GSM-сувязі. Аператар Diallog прадастаўляе кліентам паслугі па тэхналогіі EV-DO. У лістападзе 2009 года аператар life:) першым у Беларусі запусціў 3G-сетку. У бліжэйшыя месяцы сеткі трэцяга пакалення на базе стандарту UMTS павінны запусціць velcom і МТС.