BE RU EN

Ліст беларускага амбасадара. Просьба ці пагроза?

  • 11.03.2010, 8:37

Ставіць пытанне польскі дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, які атрымаў дзіўны ліст лукашэнкаўскага дыпламата.

У сваім блогу Марэк Мігальскі -- дэпутат Еўрапейскага парламента ад польскай партыі «Права і справядлівасць» -- паведамляе, што напярэдадні прыняцця ў Еўрапейскім Парламенце рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі дэпутаты атрымлівалі лісты ад амбасадара Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка.

«Я неаднаразова патрабаваў захавання правоў чалавека ў Беларусі, бо я з'яўляюся намеснікам кіраўніка дэлегацыі Еўрапейскага Парламента па супрацоўніцтве з Беларуссю. Некалькі дзён таму я атрымаў ліст ад амбасадара Беларусі ў Польшчы», - піша Мігальскі ў артыкуле пад загалоўкам «Ліст ад амбасадара Беларусі. Пагроза?».

Далей дэпутат Еўрапарламента прыводзіць тэкст ліста Віктара Гайсёнка (пераклад з польскай – сайт charter97.org):

«Паважаны сп-р дэпутат,

Рэспубліка Беларусь з трывогай успрымае інфармацыю, якая даходзіць з Брусэля, аб намерах еўрапарламентароў прыняць на найбліжэйшым паседжанні Еўрапейскага Парламента рэзалюцыю «Аб сітуацыі ў Беларусі».

Са шкадаваннем адзначаем, што гэтыя намеры, як нам падаецца, узніклі ў выніку неаб'ектыўнага адлюстравання ў польскіх СМІ інфармацыі пра становішча польскай меншасці ў Беларусі.

У той жа час хочам звярнуць вашую ўвагу на той факт, што польска-беларускі дыялог па гэтым пытанні ўсё яшчэ працягваецца. Адным з галоўных сігналаў гэтага дыялогу з'яўляецца сустрэча прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі з польскім міністрам замежных справаў Р.Сікорскім у Кіеве 25 лютага, падчас якой было прынятае рашэнне аб стварэнні польска-беларускай групы экспертаў па гэтай праблеме. У хуткім часе гэтая група павінна распачаць сваю працу, якая, згодна з заклікам Сікорскага да СМІ і палітыкаў, будзе ажыццяўляцца без якога-небудзь уплыву на экспертаў.

У гэтым кантэксце прыняццё рэзалюцыі Еўрапейскага Парламента не будзе правільным крокам не толькі на фоне працы гэтай групы, але і на фоне польска-беларускага і беларуска-еўрапейскага дыялогаў. Мы перакананыя, што прынятая рэзалюцыя, незалежна ад яе зместу, не акажа дабратворнага ўплыву на працу групы, а таксама не будзе спрыяць вырашэнню праблемы польскай меншасці ў Беларусі.

Мы спадзяемся, што, клапоцячыся пра дабрабыт палякаў у Беларусі, вы ўстрымаецеся ад прыняцця паспешных рашэнняў, а таксама пры разглядзе пытанняў, звязаных з Беларуссю, у Еўрапейскім Парламенце будзеце выкарыстоўваць аб'ектыўную інфармацыю па гэтым пытанні, прымаючы ў якасці асновы інтэрасы беларускіх грамадзянаў, у тым ліку грамадзянаў польскага паходжання, а таксама двухбаковыя стасункі нашых краінаў.

Карыстаючыся выпадкам, запэўніваю ў сваёй глыбокай пашане.

З павагай,

Віктар Гайсёнак

Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Польшчы».

Каментуючы ліст лукашэнкаўскага дыпламата, Марэк Мігальскі піша:

«Вам таксама здаецца, што два апошнія абзацы ўтрымліваюць завуаляваную пагрозу: калі галасаванне адбудзецца насуперак інтэрасам рэжыму ў Менску, можа пагоршыцца становішча палякаў у Беларусі? Таму што я гэта зразумеў менавіта так. Вядома, ніякім чынам гэта не змяніла маё рашэнне, але ізноў-ткі ў чарговы раз можна было пераканацца, што Лукашэнка ставіцца да сваіх грамадзянаў польскага паходжання, як да закладнікаў», -- заявіў еўрадэпутат.

Нагадаем, што 10 сакавіка Еўрапарламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю, якая асуджае становішча грамадзянскай супольнасці і нацыянальных меншасцяў у Беларусі. У дакуменце адзначаецца, што далейшыя парушэнні правоў чалавека могуць прывесці да перагляду пазіцыі Еўразвяза ў дачыненні да Беларусі аж да аднаўленні санкцыяў.

На фота – амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак

Апошнія навіны