BE RU EN

Захараў больш не трэнер зборнай па хакеі

  • 11.03.2010, 13:34

Новы трэнер, які павязе беларускую каманду на чэмпіянат свету, будзе абраны пасля 18 сакавіка.

Міхаіл Захараў, які ўзначальваў хакейную зборную Беларусі на апошніх Алімпійскіх гульнях, склаў свае абавязкі адразу ж пасля заканчэння спаборніцтваў у Ванкуверы. Пра гэта «Еўрарадыё» паведаміў дзяржаўны трэнер па хакеі Генадзь Сцяпанаў.

«Міхаіл Захараў быў трэнерам толькі на перыяд Алімпійскіх гульняў. Калі ён хоча на чэмпіянат свету, дык ён павінен заяўляцца зноў — як новы трэнер», -- сказаў Генадзь Сцяпанаў.

Чакаецца, што 18 сакавіка адбудзецца справаздачна-выбарчая канферэнцыя Федэрацыі хакея. На ёй будзе абраны і новы кіраўнік арганізацыі. І толькі пасля гэтага будзе прызначаны новы трэнер.

Нагадаем, што пасля няўдалага выступлення на Алімпіядзе да галоўнага трэнера беларускай зборнай з'явілася шмат пытанняў, у тым ліку, з боку фанатаў. Яны запатрабавалі адстаўкі Захарава, тлумачачы гэта тым, што ён не справіўся з роляй галоўнага трэнера.

Міхаіл Захараў быў прызначаны трэнерам Алімпійскай зборнай на час Гульняў у Ванкуверы. У Канадзе нашыя хакеісты прайгралі тры матчы і не змаглі прабіцца ў чвэрцьфінал. Пасля заканчэння турніру Захараў паабяцаў прызавое месца на цяперашнім чэмпіянаце свету ў Германіі.

Раздражненне фанатаў выклікалі і скандальныя заявы галоўнага трэнера зборнай Беларусі, які спрагназаваў, што ў чвэрцьфінале расейцы абавязкова абыграюць гаспадароў Алімпіяды - канадцаў.

«У канадцаў зусім не працуе галава, у іх мазгоў не хапае. Яны нават каляндар не змаглі нармальна скласці. Думалі яны будуць першыя, а ў выніку самі патрапілі ў гэта д… Буду вельмі рады, калі яны прайграюць. Буду самым шчаслівым чалавекам на Зямлі», -- заявіў Захараў.

У выніку канадцы, «у якіх няма мазгоў», проста разграмілі расейскую зборную. А заўзятары сталі збіраць подпісы пад заклікам адправіць Захарава ў адстаўку.

Апошнія навіны