Берасцейская арганізацыя АГП адмовілася ўдзельнічаць у «выбарах»
- 12.03.2010, 13:58
Фармаванне ўчастковых выбаркамаў паказала, што ўлада не справілася з тэстам на сумленнасць, дэмакратычнасць і празрыстасць выбараў.
Як паведаміў БелаПАН старшыня структуры Мікалай Коўш, берасцейскай абласная арганізацыя Аб'яднанай грамадзянскай партыі не будзе ўдзельнічаць у мясцовых выбарах, такое рашэнне прынята на працоўнай нарадзе рады абласной і берасцейскай гарадской арганізацый АГП увечары 11 сакавіка.
Паводле слоў Каўша, разгледзець гэтае пытанне радзе даручыла абласная партыйная канферэнцыя, якая адбылася 28 лютага, у выпадку неўключэння прадстаўнікоў партыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.
«З сямі вылучаных намі актывістаў у такія камісіі ў Берасці ўключана толькі два. Прычым адмоўлена тым, хто мае самы вялікі досвед удзелу ў выбарчых кампаніях, - сказаў Коўш. - На ўчорашнім паседжанні рады мы прыйшлі да адзінага меркавання не ўдзельнічаць у выбарах, пры гэтым даўшы магчымасць кожнаму патэнцыйнага кандыдату, члену нашай арганізацыі, прымаць рашэнне самастойна».
Як адзначыў палітык, у вобласці АГП планавала «змагацца за 14 дэпутацкіх мандатаў».
«Фармаванне ўчастковых выбаркамаў паказала, што ўлада не справілася з тэстам на сумленнасць, дэмакратычнасць і празрыстасць выбараў, - заявіў палітык. - У прыватнасці, праўдзівасць заяваў аб фармаванні камісій усіх узроўняў зыходзячы з прынцыпаў прафесіяналізму і досведу ўдзелу канкрэтных асоб у выбарчых кампаніях».