BE RU EN

Пасля «візіту» супрацоўнікаў КДБ студэнта адлічваюць з універсітэта

  • 12.03.2010, 15:53

Лідэра магілёўскага аддзялення «Маладога фронта», непаўналетняга Станіслава Рамановіча, адлічваюць з Дзяржаўнага універсітэта імя Куляшова.

Моладзевы актывіст адвучыўся на факультэце эканомікі і права толькі паўгода. Ён сцвярджае, што прычынаю адлічэння сталася яго грамадская дзейнасць. Як перадае «Радыё Свабода», у рэктараце універсітэта цвердзяць, што Станіслаў Рамановіч дрэнна вучыўся.

Станіслава Рамановіча абралі кіраўніком магілёўскага аддзялення «Маладога фронта» ў 2010 годзе - 6 студзеня. Праз тыдзень, як сцвярджае маладафронтавец, да яго ва універсітэт прыйшлі двое супрацоўнікаў Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

«Падчас іспытаў мне патэлефанавала дэкан і папрасіла зайсці да сябе ў кабінет. Там ужо чакалі мяне супрацоўнікі. Адзін прадставіўся Алегам Ігаравічам. Ён прапанаваў мне, каб я «зліваў» інфармацыю адносна сувязяў Магілёў - Менск і пра ўнутраную абстаноўку ў калектыве апазіцыянераў у Магілёве. За супрацоўніцтва прапаноўваў дапамогу па вучобе. За адмову ж прыгразіў, што будуць праблемы. Ён мне потым тэлефанаваў цягам тыдня, але я не здымаў слухаўкі», - распавёў Станіслаў Рамановіч.

Пра гутарку з супрацоўнікамі КДБ маладзён не паведамляў, баючыся, што адлічаць з універсітэту. Праблемаў, аднак, пазбегнуць не ўдалося. Яны пачаліся са здачай экзамену па матэматыцы. Ён пераздаваў прадмет двойчы, і двойчы яму ставілі нездавальняючыя адзнакі. Ён прызнае, што з матэматыкай заўжды меў праблемы. Аднак, у адрозненне ад яго, іншым студэнтам давалі права здаваць матэматыку больш за два разы.

У рэктараце прызнаюць, што рыхтуюць дакументы на адлічэнне студэнта Рамановіча. Акрамя гэтага прызнаюць і тое, што да апазіцыянера ў вну прыходзілі супрацоўнікі КДБ.

Апошнія навіны