BE RU EN

Беларускія чыноўнікі сталі патэнцыйнымі «ворагамі Інтэрнэту»

  • 12.03.2010, 17:16

Арганізацыю «Рэпарцёры без межаў» турбуе падпісаны Лукашэнкам указ аб цэнзуры інтэрнэту.

Нагадаем, што 12 сакавіка Дзень свабоды слова ў Інтэрнэце. Гэты дзень праводзіцца міжнароднай арганізацыяй «Рэпарцёры без межаў», каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы свабоднага доступу ў Сетку па ўсім свеце.

Напярэдадні быў апублікаваны даклад аб сітуацыі са свабодай слова ў Інтэрнэце ў 2009 годзе, у якім «ворагамі Інтэрнэту» названы 12 краін, якія рознымі спосабамі абмяжоўваюць доступ сваіх грамадзян да інфармацыі ў «сусветнай павуціне».

У спіс трапілі Саудаўская Аравія, М'янма, Кітай, Куба, Егіпет, Іран, КНДР, Сірыя, Туніс, Туркменістан, Узбекістан і В'етнам. Паводле дадзеных міжнароднай арганізацыі, улады пералічаных краін прадастаўляюць сваім грамадзянам толькі частковы доступ да інфармацыі, размешчанай у сусветнай сетцы.

У спіс краін, якія знаходзяцца пад наглядам «Рэпарцёраў без межаў», увайшлі Беларусь, Расея, Аўстралія, Бахрэйн, Малайзія, ААЭ, Тайланд, Турцыя, Шры-Ланка, Эрытрэя і Паўднёвая Карэя.

«Рэпарцёры без межаў» падкрэсліваюць, што кіберсвабода ў Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за падпісання ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб цэнзуры Інтэрнэту, які ўступае ў сілу летам 2010 года.

Аўтары справаздачы нагадваюць аб абвешчаным Лукашэнкам намеры «пакончыць з анархіяй у Інтэрнэце» са спасылкай на кітайскую мадэль. Асаблівае гучанне гэтыя словы набываюць напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, калі свабода слова, у тым ліку ў Інтэрнэце, можа несці пагрозу для ўладаў.

Указ «Аб нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт» уступіць у сілу 1 ліпеня. Указ выклікаў крытыку як беларускай медыя-супольнасці, так і міжнародных праваабарончых арганізацый, у тым ліку АБСЕ. Незалежныя эксперты не сумняюцца, што ўказ Лукашэнкі скіраваны, у першую чаргу, на блакаванне апазіцыйных вэб-рэсурсаў падчас правядзення выбараў.

Апошнія навіны