Беларускі рубель абясцэніўся ў адносінах да расейскага ў 1000 разоў
- 13.03.2010, 15:50
Афіцыйны курс расейскага рубля ўпершыню пераадолеў адзнаку 100 беларускіх рублёў.
На 13-15 сакавіка курс беларускага рубля складае 100,72 рубля. Без уліку дэнамінацыяў двух валютаў беларускі рубель абясцэніўся ў адносінах да расейскага ў 1007 разоў, паведамляе БелаПАН.
Пасля ўвядзення ў былых рэспубліках СССР нацыянальных грашовых адзінак беларускі рубель у той ці іншай ступені абясцэніўся ў дачыненні да ўсіх чатырнаццаці.
Па падліках БелаПАН, да туркменскага маната беларускі рубель саслабеў у 4,15 раза, грузінскага лары - у 17,2, узбекскага сума - у 19,2, украінскай грыўны - у 37,1, таджыкскага самані - у 67,8, армянскага драма - у 377 разоў, казахстанскага тэнгэ - у 402, азербайджанскага маната - у 737, малдаўскага лея - у 2.339, кіргізскага сома - у 3.310, літоўскага літа - у 115.978, эстонскай кроны - у 260.234, латвійскага лата - у 287.379 разоў (пры падліку выкарыстаныя афіцыйныя курсы нацыянальных валютаў на 13 сакавіка 2010 года).
Нагадаем, што за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі, гэта значыць за яшчэ меншы перыяд, у дачыннені да даляра з улікам некалькіх дэнамінацыяў беларускі рубель абясцэніўся больш чым у 11 тысячаў разоў.