Лукашэнку зрабілі ганаровым грамадзянінам Каракаса
- 15.03.2010, 15:52
Беларускі кіраўнік прыбыў з афіцыйным візітам, які працягнецца некалькі дзён, у Венесуэлу.
Самалёт Аляксандра Лукашэнкі прызямліўся ў аэрапорце Каракаса «Сімон Балівар», паведамляе БелТА.
Ля трапа беларускага кіраўніка сустрэў віцэ-прэзідэнт Венесуэлы Эліяс Хауа. Тут жа Аляксандра Лукашэнку са словамі «Сардэчна запрашаем, спадар прэзідэнт» віталі венесуэльскія дзеці.
Пасля выканання дзяржаўных гімнаў Беларусі і Венесуэлы Аляксандру Лукашэнку быў уручаны ключ ганаровага грамадзяніна Каракаса.
Як раней паведамлялася, у рамках дадзенага візіту беларускі кіраўнік і Уга Чавес правядуць сустрэчу ў вузкім складзе, а затым перамовы з удзелам кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў. Мяркуецца, што ў Каракасе будзе падпісаны пакет пагадненняў, накіраваных «на развіццё двухбаковага супрацоўніцтва».
Шчыльныя адносіны Беларусі і Венесуэлы выклікаюць падазрэнні ў міжнароднай супольнасці. Зараз у Кангрэсе ЗША знаходзіцца на разглядзе законапраект «Аб уліку беларускіх паставак узбраенняў». Адносна сувязяў Аляксандра Лукашэнкі з Уга Чавесам у дакуменце выказваецца занепакоенасць падпісанымі кантрактамі на пастаўку зброі.