Стыхійны мітынг прадпрымальнікаў у Гомелі
- 15.03.2010, 16:35
Прадпрымальнікі гандлёвых шэрагаў «Чарнігаўскія» ў Гомелі правялі 15 сакавіка стыхійны мітынг у сувязі з прыпыненнем працы рынку.
На шэрагах працуюць каля 40 прадпрымальнікаў. Паводле іх слоў, 15 сакавіка яны прыйшлі на рынак і ўбачылі, што вароты на тэрыторыю зачыненыя на замок. Гандляры не змаглі сёння працаваць, нягледзячы на тое, што заплацілі арэндную плату, падаткі, закупілі для рэалізацыі прадукты, многія з якіх хутка псуюцца, паведамляе БелаПАН.
Праца на рынку была прыпыненая пастановай галоўнага санітарнага ўрача Гомеля Расціслава Зіновіча, паколькі загад дзяржнагляду ад 24 красавіка 2008 года па паляпшэнні санітарнага-тэхнічнага стану гандлёвых радоў не быў выкананы, рэканструкцыя не праводзіцца.
Прадпрымальнікі лічаць, што выканаць загад санстанцыі павінен быў уласнік рынку. У сувязі з гэтым яны падрыхтавалі зварот да гарадскіх уладаў і сабралі больш за 700 подпісаў жыхароў мікрараёна Новабеліцкі з просьбай не зачыняць гандлёвыя шэрагі.