Рэспект табе, мужны прадпрымальнік! (Фота)
- 22.03.2010, 8:55
На менскім рынку «Ждановічы» прадпрымальнік вывесіў на сваёй палатцы нацыянальны беларускі сцяг.
Гэтага прадаўца, які мае палатку пад нумарам 1068 на радыёрынку ў «Ждановічах», ведае шмат менчукоў. Дзіва што – ён жа адзіны з тутэйшых прадпрымальнікаў, хто размаўляе з пакупнікамі на чыстай і пісьменнай беларускай мове, піша блогер chudentsov.
Як піша блогер, 20 сакавіка гэты прадпрымальнік вывесіў на сваёй палатцы бел-чырвона-белы сцяг. Як толькі гэта адбылося, немаведама адкуль з'явіліся невядомыя людзі ў цывільным. Адзін з іх прад'явіў пасведчанне прадаўцу (той акуратна перапісаў усе дадзеныя) і запатрабаваў зняць сцяг і «прайсці куды належыць».
Трое астатніх заняліся ўжо непасрэдна блогерам - папрасілі прыбраць камеру. У адваротным выпадку, як яны абяцалі, «будзе вельмі балюча... за бязмэтна пражытыя гады».
Зрэшты, ні прадавец, ні блогер ні сцяг, ні камеру не прыбралі. А аргументавана палумачылі, што ні вывешваць сцягі любых колераў на сваёй прыватнай уласнасці, ні фатаграфаваць навакольную рэчаіснасць ніякім законам не забаронена. Пасля чаго людзі ў цывільным... моўчкі сышлі ў невядомым накірунку.
«Ужо пасля падумалася - а мы ж з гэтым прадаўцом нават не ведаем, як каго з нас завуць, але думаем вось жа аднолькава... Рэспект табе, Чалавек!», - напісаў блогер chudentsov.