Дзень Волі. Трэба прыйсці
- 22.03.2010, 13:41
25 сакавіка спаўняецца 92 гады з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Афіцыйна гэтая дата ў Беларусі не адзначаецца, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.
Сёлета арганізатарамі акцыі выступілі Партыя Беларускага Народнага Фронту. Заяўку на правядзенне акцыі падалі лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі партыі Віктар Івашкевіч і каля 10 апазіцыянераў, якія маюць намер ісці кандыдатамі ў дэпутаты ў мясцовыя Саветы. Акцыю падтрымалі таксама Аб'яднаная грамадзянская партыя, рух «За Свабоду», іншыя партыі і арганізацыі. Заклікаў беларусаў выйсці 25 сакавіка на святкаванне Дня Волі і лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.
25 сакавіка ў Менску плануюцца шэсце і мітынг. Збор удзельнікаў акцыі намечаны на 18.00 каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук і дазволены Менгарвыканкамам.
Дзень Волі - гэта самае вялікае свята ў гісторыі нашай краіны - у гэты дзень Беларусь абвясціла пра сваю незалежнасць. Будзьма ў гэтым дзень разам. За нашу і вашу свабоду!