BE RU EN

Урад Германіі павінен асудзіць рэпрэсіі беларускага рэжыму

  • 25.03.2010, 10:39

Пры цяперашняй уладзе Беларусь не гатовая да партнёрства з Еўрапейскім Звязам, заяўляе дэпутат Буденстага Марылуіза Бэк.

Спікер фракцыі Партыі Зялёных па ўсходняй палітыцы ў нямецкім Бундэстагу Марылуіза Бэк зрабіла заяву з нагоды рэпрэсіяў супраць апазіцыянераў, праваабаронцаў і незалежных журналістаў у Беларусі.

«Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, якая рэзка пагаршаецца – нагода для сур'ёзнага непакою. За апошнія дні адбыліся збіццё і затрыманні ўдзельнікаў мірных дэманстрацыяў і жорсткі напад на незалежных журналістаў з ператрусамі і канфіскацыямі. Акрамя таго, лукашэнкаўскія сілавікі затрымалі праваабаронцаў за тое, што яны рэалізавалі сваё права на свабоду меркавання і пратэставалі супраць прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў. Такі жорсткі пераслед апазіцыянераў і незалежных журналістаў дэманструе, што беларускі дыктатар не зацікаўлены ў дэмакратычных рэформах.

Мы заклікаем федэральны ўрад рэзка крытыкаваць рэпрэсіі супраць апазіцыянераў і журналістаў. Што датычыць Еўрапейскага Звяза, дык самы час крытычна разгледзець пытанне пра далейшы ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве», -- заявіла Марылуіза Бэк.

Нагадаем, што 16 сакавіка ў Менску прайшлі ператрусы ў незалежных журналістаў. Супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным правялі ператрусы ў офісе сайта www.charter97.org, рэдакцыі газеты «Народная воля», а таксама ў кватэры журналісткі Ірыны Халіп і яе мужа, лідэра грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава. Ва ўсіх выпадках былі канфіскаваныя сістэмныя блокі кампутараў і электронныя носьбіты інфармацыі. Падчас ператрусу рэдакцыі сайта www.charter97.org супрацоўнікі міліцыі ўдарылі рэдактарку Наталлю Радзіну па твары.

Апошнія навіны