BE RU EN

Грузія мае намер паскорыць уступленне ў НАТА

  • 25.03.2010, 12:19

Грузінскія ўлады разлічваюць, што краіна зможа ўступіць у НАТА ужо праз 2-3 гады.

Магчымасці хутчэйшага ўступлення краіны ў Паўночнаатлантычны альянс будуць абмяркоўвацца на сустрэчы генеральнага сакратара НАТА Андэрса Фога Расмусэна і прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі ў чацвер 25 сакавіка. Пра гэта, як перадае NEWSru.com, распавёў намеснік старшыні ўрада, дзяржміністр па еўрапейскай і еўраатлантычнай інтэграцыі Георгій Барамідзэ ў інтэрв'ю газеце «Время новостей».

Размова таксама пойдзе пра тое, што павінен зрабіць грузінскі бок «для ўмацавання супрацоўніцтва і ўступлення ў Альянс ў сціснутыя тэрміны». Паводле слоў дзяржміністра, на тэмпах інтэграцыі адбіліся падзеі 2008 года, аднак сутнасці працэсу яны не змянілі. «Мы змяншаць тэмпы інтэграцыі не збіраемся», - дадаў Барамідзэ.

Па ацэнках Тбілісі, краіна «справіцца з усімі хатнімі заданнямі за два-тры гады», пасля чаго тэхнічна будзе гатова ўступіць у НАТА. Аднак апошняе слова застаецца «за самімі натаўцамі, за іх палітычным рашэннем».

Тбілісі мае намер пераканаць сябраў Альянсу, што далучэнне да іх Грузіі важна для ўсіх і што гэта не прывядзе да якіх-небудзь ускладненняў. «Так, у старой Еўропе ёсць скепсіс. Нам трэба пераканаць некаторых сябраў Альянсу, што сяброўства Грузіі важна для іх саміх і што нашае ўступленне не будзе ствараць праблемаў для НАТА», - адзначыў дзяржміністр.

На думку Барамідзэ, сяброўства ў НАТА, а пасля і ў Еўразвязе дапаможа Грузіі дасягнуць сваіх мэтаў, а разам з гэтым, наладзіць адносіны з Расеяй. Да канца гэтага года чакаецца, што Еўразвяз спросціць візавы рэжым з Грузіяй, а таксама плануецца пачаць перамовы аб асацыяваным членстве і свабодным гандлі.

Апошнія навіны