BE RU EN

Сведка: Мяне збівалі і прымушалі агаворваць Аўтуховіча

  • 25.03.2010, 14:47

25 сакавіка падчас працэсу па справе палітвязняў быў дапытаны сведка Аляксандр Козел, дастаўлены ў суд з калоніі.

Аляксандр Козел адбывае пакаранне за падпал у 2005 годзе дома былога начальніка міліцыі Ваўкавыска Кацубы. Як нагадвае «Радыё Свабода», Аляксандр Козел быў асуджаны ў 2006 годзе.

Сведка заявіў, што на яго аказвалі ціск следчыя, збівалі і патрабавалі, каб ён агаварыў Мікалая Аўтуховіча нібыта той замовіў падпал дома начальніка ваўкавыскай міліцыі Кацубы.

Гэта, па словах Козела, адбывалася яшчэ да суда над ім у 2006 годзе. На адным з допытаў ён і прызнаў, што быццам бы гэта менавіта Аўтуховіч замовіў падпал дома Кацубы. Але зараз ён гэта абвяргае і кажа, што тыя паказанні былі дадзены пад ціскам. Пракурор Сафараў зачытаў паказанні Козела, што разыходзіліся з тымі, якія ён даваў раней да суда і пасля суда, і зараз спрабуе высветліць, калі Аляксандр Козел казаў праўду.

Нагадаем, працэс у Вярхоўным судзе распачаўся 10 сакавіка і з 16 сакавіка ідзе штодня. Мікалаю Аўтуховічу, Уладзіміру Асіпенку і Аляксандру Ларыну пагражае вышэйшая мера пакарання - пажыццёвае зняволенне ці смяротнае пакаранне. Часткова віну прызнае толькі Аляксандр Ларын.

Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі арыштаваныя ў Ваўкавыску 8 лютага 2009 года. Палітвязень Мікалай Аўтуховіч і раней пераследваўся за сваю актыўную барацьбу за правы прадпрымальнікаў. На думку праваабаронцаў, сёння яго і Уладзіміра Асіпенку бяздоказна абвінавачваюць у здзяйсненні цяжкіх злачынстваў. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту Аўтуховіч галадаў у турме больш за 90 дзён, моцна падарваўшы здароўе.

У студзені 2010 года ўплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Human Rights Watch» прызнала ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітвязнямі.

Апошнія навіны