Барыса Хамайду судзяць за бел-чырвона-белы сцяг Мірона
- 31.03.2010, 10:47
Апазіцыянера выклікалі ў суд Чыгуначнага раёна Віцебска, дзе будзе разглядацца справа, па артыкуле «дробнае хуліганства».
Дробным хуліганствам ў апорным пункце міліцыі Чыгуначнага РАУС кваліфікавалі вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на электрычных дратах над ракой Заходняя Дзвіна 13 лютага, паведамляе «Радыё Свабода».
Міліцыянты заявілі, што маюць сведкаў, якія бачылі, што «нейкі сівы чалавек нешта падкідваў уверх, і неўзабаве з'явіўся сцяг», прычым пры сабе гэты чалавек нібыта меў торбу - падобную на тую, у якую складае газеты і часопісы віцебскі распаўсюднік незалежнай прэсы.
Хамайда заяўляе, што гатовы пагадзіцца з абвінавачаннем, калі міліцыя не ў стане знайсці сапраўднага Мірона.
Калі суд прызнае Барыса Хамайду вінаватым у дробным хуліганстве, апазіцыянеру пагражае альбо грашовы штраф або арышт да 15 сутак.
Нагадаем, што цягам шматлікіх гадоў у Віцебску з'яўляюцца бел-чырвона-белыя сцягі, якія развешвае легендарны Мірон. Асоба Мірона нікому невядомая.