ДМК: Расея не выканала дамоўленасці па пастаўках нафты
- 4.03.2010, 13:07
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі выступіў з абвінавачваннямі ў адрас Федэральнай мытнай службы Расеі.
Паводле словаў ДМК, расейскі бок не выканаў дамоўленасці па пастаўках нафты. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ДМК.
«У адпаведнасці з пагадненнем па пытаннях узаемавыгадных умоў перапрацоўкі расейскай нафты ў Рэспубліцы Беларусь, Дзяржаўным мытным камітэтам Рэспублікі Беларусь праведзены перамовы з Федэральнай мытнай службай Расейскай Федэрацыі і прапанаваны канкрэтныя варыянты па спрашчэнні працэдур перамяшчэння бяспошліннай нафты і нафтапрадуктаў», - як перадае БелаПАН, сказана ў паведамленні, размешчаным на сайце ДМК.
«Федэральная мытная служба Расейскай Федэрацыі, спаслаўшыся на адсутнасць прамых указанняў і на тое, што адказнымі за рэалізацыю пагаднення паміж урадамі Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў вызначаны Мінэнерга і Мінэканамразвіцця, ухілілася ад правядзення перамоў па гэтым пытанні», - заяўляе прэс-служба ДМК.
«Дзяржаўны мытны камітэт сітуацыю ў дачыненні да паставак нафты ў Рэспубліку Беларусь для перапрацоўкі без збірання мытнай пошліны лічыць невыкананнем узятых абавязацельстваў расейскім бокам, прадугледжаных пагадненнем», - гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Кіраўнік прэс-службы ДМК Ігар Пяшко не стаў каментаваць гэтае паведамленне. Ён таксама не ўдакладніў, якія канкрэтна перамовы маюцца на ўвазе. «Больш, чым там напісана, я сказаць не магу», - заявіў прадстаўнік камітэта.
Нагадаем, 26 лютага ў Маскве прайшло пасяджэнне камісіі Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Як паведаміў журналістам пасля завяршэння сустрэчы віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў, расейскі бок настойвае на захаванні мытных пошлін на нафтапрадукты.
Ён адзначыў, што беларускі бок тэму бягучай сітуацыі па пастаўках нафты не закранаў, бо гэта пытанне ўрэгулявана падпісаным у канцы студзеня беларуска-расейскім пагадненнем. «Хоць гэта пагадненне і не задавальняе беларускі бок», - падкрэсліў Кабякоў.
Паводле слоў віцэ-прэм’ера, расейскі бок не мае заканадаўчай базы для спагнання вывазных пошлін на нафтапрадукты, якія Беларусь закупляе ў Расеі. Аднак Расея настойвае на правамернасці сваіх дзеянняў.
На гэту тэму ў удзельнікаў паседжання адбылася «эмацыянальная размова», паведаміў Кабякоў. «Мы зафіксавалі пазіцыі бакоў у выніковым рашэнні камісіі і разлічваем, што расейскі бок зробіць захады, якія адпавядаюць яго міжнародным дагаворам. Пакуль разумення ў гэтым пытанні з боку расейскіх партнёраў няма», - сказаў беларускі віцэ-прэм’ер.