BE RU EN

Нават нацболы зразумелі, што Лукашэнка абапіраецца толькі на МУС і КДБ

  • 4.03.2010, 17:22

Адзін з актывістаў незарэгістраванай у Беларусі Нацыянал-бальшавіцкай партыі (НБП) Яўген Контуш заявіў, што «беларускія нацболы расчараваліся ў Лукашэнку».

«Нацболы Беларусі падтрымлівалі прэзідэнта Лукашэнку. Падтрымлівалі ў першую чаргу і за яго сацыяльную палітыку, бо ён захаваў на тэрыторыі рэспублікі савецкую па сутнасці сваёй сістэму клопату аб патрэбах грамадзян, пенсіянераў і маламаёмных. Лукашэнка толькі ў невялікай ступені дапусціў капіталізм на тэрыторыю Беларусі. Нацболы падтрымлівалі бацьку і за яго незалежную міжнародную пазіцыю, за адмову падпарадкоўвацца дыктату краін Захаду, за імкненне быць у саюзе з Расеяй, застаючыся суверэннай дзяржавай», - заявіў Яўген Контуш у інтэрв'ю БелаПАН.

Тым не менш, па яго словах, Лукашэнка не апраўдаў ускладзеных на яго надзей. «Аўтарытарны пачатак у ім пераважыў сацыялістычны. Аўтарытарны спосаб праўлення, адмова абапірацца на грамадства, на моладзь. Абапіраецца Лукашэнка на сілавыя структуры: на КДБ і МУС. У краіне не існуе палітыкі, яна знішчана гвалтоўна, зверху, яго уладай, гэтаксама, як знішчана палітыка ў Расеі і ў большасці рэспублік былой савецкай прасторы. Нацболы чатыры разы спрабавалі зарэгістраваць у Беларусі сваю арганізацыю і ў апошні раз сутыкнуліся з ціскам спецслужбаў. Да нашых актывістаў прыходзілі людзі ў цывільным, пагражаючы непрыемнасцямі на вучобе, прымусілі пісаць заявы кшталту: «Мы былі на ўстаноўчым з'ездзе НБП, але подпісы ў якасці заснавальнікаў паставілі памылкова», - паведаміў актывіст НБП.

Як адзначыў Контуш, Лукашэнка ніколі не выкарыстоўваў магчымасці зрабіць рэспубліку трамплінам у сацыялістычную будучыню. «Бяспрэчна, ён усё яшчэ папулярны ў пенсіянераў і бедных. Але ён душыць энергію ўсяго астатняга насельніцтва, у першую чаргу моладзі. І ўсё часцей на розум прыходзіць пытанне: «А што далей?» Лукашэнка, як і ўсе людзі, не вечны, што будзе далей? Ён дасі нам непераканаўчага нашчадка? Паўтара дзесятка гадоў мы не перашкаджалі бацьку і чакалі. Чакалі, калі ён пакліча народ да ўдзелу ў лёсе краіны. Сёння нам зразумела, што не пакліча ніколі», - сказаў Контуш. «Таму мы, нацболы, сыходзім у апазіцыю. Да пабачэння, бацька!»- заявіў актывіст.

Апошнія навіны