Пад Менскам збіраюцца знесці новыя катэджы (Фота)
- 5.03.2010, 11:48
Замест іх побач з мікрараёнам Уручча-6 плануецца будаўніцтва вялікага мікрараёна.
Пяць шматпавярховак побач з лясным масівам на месцы вёскі Копішча ўжо будуюцца. Аднак некалькі гадоў таму людзі на законных падставах пабудавалі тут сучасны катэджны пасёлак. Як паведамляе «Радыё Свабода», зараз гэтыя катэджы пагражаюць знесці разам са старымі вясковымі хатамі.
Вёска Копішча выглядае даволі пярэста: побач з мікрараёнам – старыя спарахнелыя хаты, а бліжэй да Баравой і Валяр'янава – дыхтоўныя сучасныя катэджы. Карэнныя жыхары прадчувалі, што горад будзе наступаць, іх знясуць, таму асабліва не спяшаліся будавацца, рамантавацца. Але ў пачатку дзесяцігоддзя на ўскрайку лесу, а таксама побач з аэраклубам «Баравая» пачалося будаўніцтва сучасных катэджаў. Прычым цалкам на законнай падставе.
«Мы набылі ўчастак зямлі, -- распавядае ўладальніца аднаго з катэджаў Святлана. -- 10 снежня 2002 года была заключаная дамова куплі-продажу, і 12 снежня 2002 года было распараджэнне на дазвол будаўніцтва дома. Адразу ж мы пачалі яго будаваць, і 23 лістапада 2003 года па дакументах дом уведзены ў эксплуатацыю. Усе дакументы, тэхпашпарт ёсць».
Усе дазволы, дакументы на будоўлю маюць і ўладальнікі яшчэ амаль трох дзесяткаў катэджаў. У 2007 годзе жыхары катэджнага пасёлка правялі рэканструкцыю сетак электразабеспячэння. Жыхары за свой кошт пабудавалі і ўзаконілі каналізацыйную сетку.
А ўлетку 2008 года даведаліся, што ёсць даручэнне Аляксандра Лукашэнкі № 09/03 ад 12 чэрвеня 2008 года аб перадачы «Прыёрбанку» і фірме «Этэрыка» права на забудову тэрыторыі мікрараёна «Копішча» без правядзення аўкцыёну, і ёсць адпаведнае рашэнне Менскага райвыканкама. Натуральна, гэта выклікала занепакоенасць жыхароў.
«Мы пайшлі даведацца ў «Менскграда», і яны паказалі нам папярэднюю дэталёвую планіроўку, дзе дарога праходзіць проста па нашым доме. «Ой, вы так нядобра туды ўпісаліся!» Маўляў, гэта яшчэ папярэдні праект, яшчэ не зацверджаны, можа, будзе перарабляцца. Ну, быццам бы на нейкі час усё і заціхла», -- распавяла ўладальніца катэджа Святлана.
Уладальнікаў катэджаў суцяшалі, што ў мікрараёне можа быць так званая «змяшаная забудова» з жыллём розных тыпаў: мала-, сярэдне- і шматпавярховай забудовы. А ў мінулым годзе жыхары атрымалі копію дакумента «Заданне на карэктыроўку праекту дэталёвай планіроўкі жылога мікрараёна «Копішча», зацверджанае гарадскімі і абласнымі ўладамі. Там чорным па белым напісана, што «праектаваная тэрыторыя адносіцца да зоны шматпавярховай забудовы». А гэта значыць, што двухпавярховым катэджам там не будзе месца.
«У лістападзе 2009 года наш сусед паехаў па нейкіх сваіх справах у «Менскграда», і там вісіць велізарны плакат перспектыўнай забудовы Менска. І там Копішча цалкам пад знос ідзе. Ён спытаў: «А што з намі будзе? Нас куды?» – «А вас проста парэжуць», – менавіта такімі словамі адказалі», -- узгадвае Святлана
Жыхары напісалі звароты ва ўсе інстанцыі, у тым ліку і ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі. Адказ, падпісаны намеснікам старшыні Менскага аблвыканкама Мірчуком, складаецца з агульных фразаў, што «карэктоўка плана дэталёвай планоўкі была выкананая ў адпаведнасці з генеральным планам Менска».