BE RU EN

Багданкевіч: Калі адмаўляцца ад нацыянальнай валюты, то на карысць еўра

  • 9.03.2010, 15:14

Былы кіраўнік Нацбанка ўпэўнены, што ў перспектыве Беларусі трэба глядзець на Захад, а не на Усход.

Першы віцэ-прэм’ер Расеі Ігар Шувалаў не выключае пераходу на адзіную валюту ў рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Пра гэта ён заявіў, выступаючы ў Маскве на міжнародным эканамічным форуме дзяржаў-удзельніц СНД. Наколькі рэальны валютны «саюз трох», ці пойдзе Беларусь на адмову ад уласнай валюты, для чаго Расея зноў педалюе тэму адзінай валюты?

Паводле словаў экс-старшыні Нацыянальнага банка Беларусі Станіслава Багданкевіча, ідэя стварэння адзінай валюты сёння вельмі распаўсюджаная ў розных рэгіёнах планеты - на Блізкім Усходзе, у Паўночнай Амерыцы (Канада, Мексіка і ЗША) ёсць ідэя замяніць даляр на амера, таксама размовы аб адзінай валюце маюць месца ў Паўднёвай Амерыцы.

-- Спачатку ствараецца адзіная эканамічная прастора, а затым ужо можа ставіцца пытанне і пра адзіную валюту, - адзначае эксперт у інтэрв'ю «Завтра твоей страны». - Але я не думаю, што гэта выгодна Беларусі, бо мы знаходзімся на крайнім захадзе гэтага ўсходняга саюза, у нас шчыльныя сувязі з Еўрапейскім Звязам. У канчатковым выніку нам было б больш выгодна, калі адмаўляцца ад нацыянальнай валюты, то на карысць еўра, а не на карысць валюты, якая будзе абслугоўваць, перш за ўсё, Азію - азіяцкую частку вялізнай тэрыторыі Расеі, а таксама Казахстан, дзе ў нас вельмі не шырокія эканамічныя інтарэсы.

Як лічыць прафесар Станіслаў Багданкевіч, сёння пытанне адзінай валюты не з'яўляецца надзённым. Расейская эканоміка - гэта сыравінная эканоміка, слабая эканоміка, якая падпадае пад шматлікія рызыкі. Беларуская эканоміка - таксама сыравінная, бо грунтуецца на нафтапрадуктах, на рээкспарце сырой нафты плюс экспарт калійных соляў. З Казахстанам, дзе ў Беларусі абмежаваныя інтарэсы, можна разлічвацца і пры дапамозе цяперашніх валютных інструментаў.

-- Я не бачу неабходнасці для Беларусі, нават калі яна пойдзе па ўсходнім вектары развіцця, адмаўляцца ад уласнай валюты, і я не думаю, што на гэта пойдуць беларускі кіраўнік і ўрад, - кажа Станіслаў Багданкевіч. - Тым больш ёсць прыклад Грэцыі - будзь у яе нацыянальная валюта, яна магла б лягчэй выйсці з таго глыбокага фінансава-эканамічнага крызісу, у якім апынулася сёння.

На думку Багданкевіча, у перспектыве Беларусі больш трэба глядзець на Захад, а не на Усход.

Апошнія навіны