Расейскія генералы атрымалі беларускія ўзнагароды за «Захад-2009»
- 1.04.2010, 15:03
Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў ордэнам Дружбы народаў прадстаўнікоў кіраўніцтва расейскіх Узброеных сіл.
Як паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі, гэтыя ордэны атрымалі прадстаўнікі расейскага генералітэту.
«Узнагароды атрымалі камандуючы войскамі Маскоўскай ваеннай акругі Узброеных сіл Расеі Валеры Герасімаў, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Расеі - першы намеснік Міністра абароны Расеі Мікалай Макараў, начальнік штаба - першы намеснік камандуючага войскамі Прыволжска-Уральскай ваеннай акругі Узброеных сіл Расеі Сяргей Суравікін, камандуючы 20-й гвардзейскай арміяй Маскоўскай ваеннай акругі Узброеных сіл Расеі Сяргей Юдзін», - сказана ў паведамленні прэс-службы.
Варта адзначыць, што менавіта гэтыя ваенныя начальнікі ўдзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні вучэнняў «Захад-2009».
Як раней паведамляў сайт charter97.org, у 2009 годзе беларускія і расейскія ўлады правялі на тэрыторыі Беларусі сумесныя ваенныя вучэнні «Захад-2009». Тады брытанская «Telegraph» са спасылкай на польскі часопіс «Wprost» напісала, што падчас сумесных вучэнняў расейскіх і беларускіх вайскоўцаў «Захад-2009» былі адпрацаваны ўдар па тэрыторыі Польшчы і высадка дэсанту на ўзбярэжжы гэтай краіны. Пры гэтым, паводле дадзеных выдання, расейскія Ваенна-паветраныя сілы падчас вучэнняў праводзілі трэніроўку па выкарыстанні ядзернай зброі.
Краіны Захаду выказалі занепакоенасць у сувязі з праведзенымі вучэннямі. У адказ у бліжэйшы час у краінах Балтыі пройдуць вайсковыя вучэнні НАТА.