Панцялей не бачыць прычын для продажу «Белтэлекама»
- 15.04.2010, 14:09
Міністр сувязі і інфарматызацыі лічыць, што акцыянаванне нацыянальнага аператара электрасувязі мэтазгодна пры ўмове прыцягнення стратэгічнага інвестара.
«Сваю пазіцыю аб акцыянаванні прадпрыемстваў галіны, Белтэлекама ў прыватнасці, я агучваў неаднаразова: акцыянаванне павінна мець нейкую мэту, у тым ліку акцыянаванне Белтэлекаму»,- заявіў Мікалай Панцялей на прэс-канферэнцыі ў сераду ў Менску, перадае Electroname.com са спасылкай на «Інтэрфакс».
«Ператварэнне прадпрыемства з унітарнага ў акцыянернае таварыства без далейшых планаў па выкарыстанні яго новага юрыдычнага статусу проста не мае сэнсу. Простая змена шыльды нічога не дасць», - перакананы міністр. «Гэта марнаванне сродкаў, адцягненне калектыву, стварэнне некаторай напружанасці ў ім», - растлумачыў сваю пазіцыю Панцялей.
«Калі мы выйдзем на неабходнасць акцыянавання з наступным прыцягненнем стратэгічнага інвестара пад грандыёзныя інвестыцыйныя праекты, тады гэта будзе мэтазгодна», - лічыць кіраўнік Мінсувязі. Між тым ён звярнуў увагу на тое, што «падобных праектаў, якія нельга было б рэалізаваць, выкарыстоўваючы рэсурсы Белтэлекама, мы не бачым».
Аднак, як распавёў міністр, падрыхтоўчая праца да акцыянавання аператара праведзеная. «Уся маёмасць ўлічаная, пастаўленая на бухгалтарскі ўлік належным чынам», - растлумачыў Панцялей. «Але ёсць некаторыя тэхнічныя моманты, якія трэба вырашыць з мэтай забеспячэння дзяржаўных інтарэсаў ва ўмовах, калі ў Белтэлекам прыйдзе замежны інвестар. А далей жыццёвая сітуацыя будзе дыктаваць - мэтазгодна ці немэтазгодна рашэнне гэтага пытання », - працягнуў міністр.
Пры гэтым ён адзначыў, што стадыя стварэння акцыянернага таварыства са 100-працэнтнай доляй дзяржавы «не можа быць абыдзеная, гэтая паслядоўнасць будзе вытрымлівацца».
Па словах Панцялея, на міжнароднай выставе TIBO-2010, якая пройдзе ў Мінску з 20 па 23 красавіка, Белтэлекам будзе прадстаўлены ўсе яшчэ як рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства.