Прыбыткі кандыдатаў ад ўлады хаваюцца
- 15.04.2010, 14:12
Звесткі аб прыбытках кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў не былі апублікаваныя.
Гэта адзначае галоўны рэдактар газеты «Вольны горад» і адначасова кандыдат у дэпутаты абласнога Савету дэпутатаў Сяргей Няроўны:
«У раённай газеце «Крычаўскае жыццё» надрукавалі спіс кандыдатаў у дэпутаты. А вось звесткі аб маёмасці і прыбытках за 2009 год адсутнічаюць, хоць гэта прадугледжана часткай 21 артыкула 68 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь», - адзначае журналіст у інтэрв'ю сайту кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
З гэтай нагоды кандыдат звязваўся з рэдактарам газеты «Крычаўскае жыццё» Таццянай Іўкінай. «Але рэдактар адказала, што яе ніхто не абавязваў гэта рабіць і ніхто не даваў адпаведных дадзеных», - кажа С. Няроўны.
Ён адзначае, што нежаданне публікаваць звесткі аб даходах на руку праўладным кандыдатам у дэпутаты. А звязана гэта з тым, што ў іх вялікія заробкі, якія вельмі моцна кантрастуюць з агульнай галечай ў рэгіёне.
«Мікалай Герд ўжо звярнуўся з адпаведнай заявай у пракуратуру, і мы чакаем афіцыйнага адказу. Калі ён будзе ў нас на руках, а інфармацыю аб даходах кандыдатаў у дэпутаты ўсё роўна не надрукуюць, то мы будзем звяртацца са скаргай у Магілёўскую абласную выбарчую камісію», - паведаміў Няроўны.