BE RU EN

«Белавія» адмяніла палёты ў Лондан, Парыж і Рыгу (Абноўлена)

  • 16.04.2010, 11:32

Нацыянальная авіякампанія «Белавія» прыняла рашэнне аб адмене рэгулярных авіярэйсаў «Менск-Лондан», «Менск-Рыга» і «Менск-Берлін» у сувязі з дрэннымі метэаўмовамі ў аэрапортах, якія прыймаюць.

Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс» намеснік генеральнага дырэктара авіякампаніі Ігар Чаргінец.

«Рэйсы «Менск-Рыга» вылетам у 12:20 і «Менск-Берлін» вылетам 14:00 (час менскі - ІФ) адмененыя з-за дрэнных умоваў надвор'я ў аэрапортах Рыгі і Берліна. Рашэнне аб адмене рэйса на Парыж вылетам 15:20 пакуль не прынятае, дадзеных аб надвор'і пакуль мы не маем», - сказаў І.Чаргінец.

Ён паведаміў, што кіраўніцтва авіякампаніі прыкладае ўсе намаганні для своечасовага інфармавання пасажыраў аб адмене авіярэйсаў. «Мы спрабуем паведамляць ім інфармацыю як мага раней, з тым, каб яны ў аэрапорт наогул не прыязджалі», - сказаў І. Чаргінец.

Ён дадаў, што НАК «Белавія» ажыццяўляе вяртанне пасажырам кошту нявыкарыстаных білетаў на адмененыя авіярэйсы без якіх-небудзь ўтрыманняў. Акрамя таго, усе пасажыры, якія не змаглі вылецець з-за адмены рэйсаў, могуць без усялякіх абмежаванняў перарэгістраваць свой білет на іншую зручную ім дату.

«Таму збірання пасажыраў у Нацыянальным аэрапорце «Менск» зараз няма», - сказаў прадстаўнік авіякампаніі.

Ён не змог паведаміць, як доўга можа працягнуцца няштатны рэжым працы аэрапорта.

«Мы атрымліваем толькі кароткатэрміновыя прагнозы - на 2-3 гадзіны, не больш. Але як толькі сітуацыя нармалізуецца, мы будзем гатовыя пачаць адпраўку рэйсаў паводле раскладу», - сказаў суразмоўца агенцтва.

Паводле ягоных дадзеных, НАК «Белавія» выконвае міжнародныя рэйсы на 30 напрамках.

У цяперашні час НАК «Белавія» працягвае адпраўку бортаў на Рым, Маскву, Тбілісі, Калінінград у штатным рэжыме.

Як паведамлялася раней, вывяржэнне вулкана Эйяф’ялайекюль (Eyjafjallajokull) у Ісландыі, размешчанага пад ледніком, узняла ў паветра над Атлантыкай вялізныя клубы попелу і пары.

Авіяцыйныя спецыялісты асцерагаюцца, што вулканічны пыл можа патрапіць у рухавікі самалётаў і прывесці да аварыйнай сітуацыі. У чацвер дзесяткі дзяржаваў Заходняй Еўропы вымушаныя былі закрыць паветраную прастору для палётаў.

Апошнія навіны