Беларусам раяць не выходзіць на вуліцы ў дождж
- 19.04.2010, 12:11
У сувязі з праходжаннем над тэрыторыяй Беларусі воблака вулканічнага пылу, медыкі рэкамендуюць не знаходзіцца на вуліцы падчас дажджу.
«Частка вулканічнага пылу будзе з ападкамі выпадаць на зямлю, таму мы рэкамендуем у найбліжэйшыя суткі абмежаваць знаходжанне на адкрытым паветры падчас дажджу і не выкарыстоўваць дажджавую ваду ў гаспадарчых мэтах», - паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у панядзелак у міністэрстве аховы здароўя Беларусі.
«Па дадзеных Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, вулканічнае воблака праходзіць над Беларуссю прыкладна на адлегласці 6 км ад зямлі», - удакладнілі ў міністэрстве.
«Існуюць групы людзей з падвышанай адчувальнасцю, чыё здароўе саслабленае спадарожнымі захворваннямі. Гэтыя людзі могуць адчуваць недамаганне, звязанае з уздзеяннем атмасферных забруджвальнікаў пры іх канцэнтрацыі», - патлумачылі медыкі.
Як раней паведамляла агенцтва са спасылкай на Інстытут фізікі НАН Беларусі, у найбліжэйшы аўторак воблака вулканічнага пылу над Беларуссю павялічыцца.