МЗС Кыргызстана: Бакіеў пакінуў тэрыторыю Казахстана
- 19.04.2010, 15:36
Куды накіраваўся зрынуты прэзідэнт - пакуль невядома.
Экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў пакінуў тэрыторыю Казахстана, паведаміў афіцыйны прадстаўнік МЗС рэспублікі Аскар Абдрахманаў.
«Як мне вядома, Курманбек Бакіеў пакінуў тэрыторыю Казахстана. Куды ён накіраваўся нам невядома», - сказаў ён на брыфінгу ў панядзелак у Астане, перадае «Інтэрфакс».
Разам з тым А. Абдрахманаў не ўдакладніў, калі К. Бакіеў пакінуў Казахстан і куды ён накіраваўся.
На пытанне пра тое,ці пакінуў К. Бакіеў тэрыторыю Казахстана разам са сваёй сям'ёй, прадстаўнік МЗС адказаў: «Напэўна».
На мінулым тыдні, прыляцеўшы на самалёце з Джалал-Абадзі ў Тараз (адмцентр Жамбылскай вобласці Казахстана), К. Бакіеў напісаў заяву аб сваёй адстаўцы з пасады прэзідэнта Кыргызстана.
Пасля гэтага ў СМІ праходзіла супярэчлівая інфармацыя пра далейшае перамяшчэнне К. Бакіева. У прыватнасці ў розны час паведамлялася, што К. Бакіеў знаходзіцца ў Алма-Аце, а таксама пра тое, што ён адбыў з Казахстана ў Турцыю, Беларусь, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
Пасля гэтага з Турцыі і Беларусі паступілі паведамленні са спасылкай на афіцыйныя крыніцы, што К. Бакіева ў гэтых краінах няма.
18 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што будзе рады бачыць Бакіева разам з яго сям'ёй у Беларусі.