Нафтавыя пошліны не адмененыя: Менск абвінавачвае Маскву ў «вераломстве»
- 20.04.2010, 13:06
Камісія Мытнага саюза не змагла прыняць рашэння аб экспартных пошлінах на нафтапрадукты для Беларусі.
Расейскі бок блакаваў разгляд на Камісіі Мытнага саюза (МС) Беларусі, Расеі і Казахстана 16 красавіка ў Маскве пытання пра ўжыванне вывазных мытных пошлін ва ўзаемным гандлі дзяржаваў-чальцоў МС, заявіў «Інтэрфаксу» прадстаўнік беларускай дэлегацыі, які прымаў удзел у паседжанні.
Ён заявіў, што пытанне разглядалася па ініцыятыве беларускага боку, які аспрэчвае увядзенне Расеяй з 1 студзеня 2010 года экспартных пошлінаў на нафтапрадукты і нафтахімічную сыравіну, якія пастаўляюцца ў Беларусь.
«На жаль, пазіцыя расейскага боку не змянілася - яны сцвярджаюць, што маюць права ўводзіць па сваім меркаванні экспартныя пошліны на тавары ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам у межах Мытнага саюза», - сказаў суразмоўца.
«Пакуль яны пацвярджаюць сваю гатоўнасць адмяніць экспартныя пошліны з даты стварэння Адзінай эканамічнай прасторы, гэта значыць з 1 студзеня 2012 года. Але хіба можна ім зараз верыць?», - задаў суразмоўца рытарычнае пытанне.
Ён падкрэсліў, што ў Менску ўспрымаюць такую пазіцыю Масквы як «вераломства».
«Пры падрыхтоўцы і падпісанні дамовы па нафце мы былі ўпэўнены, што экспартныя пошліны на нафтапрадукты будуць знятыя аўтаматычна. У нас нават не было сумневаў, мы і меркаваць не маглі, што Расея вераломна іх захавае», - адзначыў ён са шкадаваннем.
Суразмоўца патлумачыў, што расейскі бок аргументуе ўвядзенне экспартных пошлінаў на нафтапрадукты пастаўкай у Беларусь бяспошлінна сёлета 6,3 млн тон нафты, што, на думку ўрада РФ, павінна забяспечыць унутраныя запатрабаванні Беларусі ў нафтапрадуктах і нафтахімічнай сыравіне.
Аднак, «калі ў тэрміновым парадку рыхтаваўся пратакол па нафце, мы думалі толькі пра паліва - бензін і дызель для ўнутраных патрэбаў, не мяркуючы, што будуць захаваныя пошліны і на нафтахімічную сыравіну - бо дзейнічаюць дамовы пра свабодны гандаль і ў межах СНД і ў двухбаковых межах Беларусі і Расеі», - нагадаў ён. Паводле яго словаў, «з улікам нафтахімічнай сыравіны аб'ём унутраных запатрабаванняў у нафце істотна ўзрастае. Акрамя таго, шэраг пазіцыяў па нафтахімічнай сыравіне беларускія НПЗ не вырабляюць».
Суразмоўца заявіў, што па выніках паседжання Камісіі МС «не засталося сумневаў, што з 1 ліпеня 2010 года - даты ўступлення ў сілу адзінай мытнай тэрыторыі - экспартныя пошліны на нафтапрадукты для Беларусі будуць захаваныя».
У той жа час, ён падкрэсліў намер Менска працягнуць адстойванне сваёй пазіцыі, у тым ліку і ў судовым парадку праз Эканамічны суд СНД.