Сяргей Каваленка прысуджаны да 7 сутак арышту за бел-чырвона-белы сцяг у судзе
- 21.04.2010, 13:37
21 красавіка ў Віцебску адбыўся суд над актывістам Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргеем Каваленкам.
За акцыю, якую правёў 20 красавіка Сяргей Каваленка, з бел-чырвона-белым сцягам каля Кастрычніцкага райсуда суддзя Іна Грабоўская прысудзіла яму сем сутак арышту, паведамляе «Радыё Свабода».
Каваленку абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі па артыкуле адміністрацыйнага кодэкса РБ за арганізацыю і паўторны ўдзел у несанкцыянаваных акцыях.
Удзень 21 красавіка распачаўся судовы працэс над яго братам – Віталём Каваленкам, якога таксама затрымалі ўчора і абвінавачваюць у тым, што ён нібыта спраўляў патрэбу ў неналежным месцы. Зразумела, што гэта абвінавачванне надуманае. Віталя затрымалі пасля таго, як нацыянальны сцяг з'явіўся над будынкам РАУС, у якім знаходзіўся яго брат.
Нагадаем, што 20 красавіка Сяргея Каваленку павінны былі судзіць па крымінальнай справе за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на гарадской навагодняй ёлцы ў Віцебска. Суд па гэтай справе адклалі на 12-га траўня, пасля таго, як Сяргей Каваленка разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг на ганку будынка суда, за што і быў затрыманы.
Беларускія праваабаронцы заяўляюць, што крымінальны пераслед за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга незаконны.