Лаўроў: Вусныя заявы Бакіева не адмяняюць яго адстаўку
- 22.04.2010, 13:24
Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Расеі не ўспрымае ўсур’ёз словы Бакіева і нагадвае, што ён падаў афіцыйную пісьмовую заяву аб адстаўцы.
Заявы экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева наўрад ці могуць адмяніць яго пісьмовае апавяшчэнне аб адстаўцы. Такім чынам кіраўнік МЗС Расеі ў чацвер пракаментаваў заяву звергнутага прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева аб тым, што той не прызнае сваю адстаўку з пасады кіраўніка дзяржавы, перадае NEWSru.com.
«Я ведаю толькі адно, і пра гэта было афіцыйна абвешчана, што Бакіеў па факсе даслаў у Бішкек заяву аб сваёй адстаўцы», - сказаў міністр. «Гэта дакумент», - падкрэсліў ён. «Вусныя заявы наўрад ці могуць яго адмяніць», - перакананы дыпламат.
Нагадаем, адхілены ад улады Бакіеў у сераду заявіў, што застаецца кіраўніком дзяржавы. «Я законна абраны прэзідэнт, прызнаны сусветнай супольнасцю», - сказаў Бакіеў ў заяве для прэсы ў будынку выканкаму СНД у Менску.
«Я не прызнаю сваю адстаўку, - сказаў ён. - Няма сілы, якая прымусіць мяне адмовіцца ад прэзідэнцтва. Толькі смерць спыніць мяне». «Я хачу, каб народ разумеў, што, выконваючы загады банды, ён ставіць сябе па-за законам», - адзначыў ён.
Раней паведамлялася, што Бакіеў зняў з сябе прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Ён даслаў часоваму ўраду рукапісную заяву па факсе, у якім падаў у адстаўку і ўсклаў на часовы ўрад усю адказнасць за апошнія падзеі ў краіне.
У заяве, якая датаваная 16 красавіка, у прыватнасці, гаворыцца: «У гэтыя трагічныя для кіргізскага народа дні, усведамляючы ўсю адказнасць за будучыню народа, захаванне цэласнасці дзяржавы, у адпаведнасці з артыкулам 50 Канстытуцыі рэспублікі, я падаю ў адстаўку».
Аднак разам з гэтым сваякі Бакіева заявілі, што яго заява - фальшыўка і такога рашэння ён яшчэ не прымаў. Па іх дадзеных, Бакіеў вёў перамовы за мяжой.
Зараз Бакіеў знаходзіцца ў Менску, куды ён прыбыў уночы 19 красавіка.