Транспартная міліцыя не знайшла мастацкай каштоўнасці ў «Пагоні»
- 22.04.2010, 15:48
Крымінальная справа па факце знішчаных у Віцебску ўнікальных вітражоў з «Пагоняй» распачатая не будзе.
Як паведамляе «Радыё Свабода», старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Канстанцін Смолікаў атрымаў адказ з транспартнай міліцыі, які праводзіў следзтва па факце знішчэння унікальнага комплексу вітражоў падчас рэканструкцыі будынка віцебскага чыгуначнага вакзала.
Комплекс складаўся з сямі вітражоў у вокнах другога паверха. У цэнтральным акне была выява нацыянальнага беларускага герба «Пагоня», у вокнах па абодвух баках - выявы гербаў шасці абласных гарадоў Беларусі.
Як вынікае з ліста, падпісанага оперупаўнаважаным Рыгорам Шнеевым, вітражы не мелі мастацкай каштоўнасці, таму што не былі ўключаныя ў адпаведны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
На думку Канстанціна Смолікава, вітражны комплекс, створаны ў пачатку 1990-х гадоў, быў помнікам беларускага мастацтва найноўшага часу. Аднак напярэдадні апошняй рэканструкцыі вакзалу, якая доўжыцца ўжо паўгады, вітражы былі «дэмантаваныя па прычыне іх неадпаведнасці цеплатэхнічным нормам». Замест іх у вокны будынка ў стылі «сталінскага ампіру» ўставілі цёмныя шклопакеты. Каляровае шкло, з якога была зробленая «Пагоня» і іншыя вітражы, проста выкінулі, а алюмініевыя рамы спісалі.
Ніякіх парушэнняў следчая група не ўбачыла, а таму крымінальная справа за знішчэнне міліцыя і пракуратура заводзіць не сталі.