МЗС Беларусі: Нас ніхто не прасіў выдаваць Бакіева
- 22.04.2010, 18:18
Міністэрства замежных спраў Беларусі заяўляе, што не атрымлівала якіх-небудзь нот ад Кыргызстана з нагоды выдачы Курманбека Бакіева.
Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных 22 красавіка на брыфінгу ў Менску.
Згодна яго слоў, «любыя запыты на выдачу рэгулююцца сур'ёзнымі міжнароднымі пагадненнямі», неабходна захаванне пэўных умоваў, а таксама неабходна «рыхтаваць сур'ёзны пакет дакументаў».
Адказваючы на пытанне БелаПАН аб статусе, у якім Бакіеў знаходзіцца ў Менску, Савіных падкрэсліў, што прадастаўленне статусу з'яўляецца «юрыдычнай працэдурай і пра гэта пакуль рана гаварыць».
«Мы сутыкнуліся з сур'ёзнай міжнароднай праблемай. Рашэнне гэтай праблемы трэба шукаць у рамках міжнароднай прававой сістэмы. Гэта запатрабуе сур'ёзных кансультацый як на ўзроўні экспертаў, так і на палітычным узроўні», - падкрэсліў Савіных.