Бізнэс прымушаюць купляць права выплачваць падаткі
- 28.04.2010, 9:42
У Беларусі ўводзіцца электронная сістэма дэкларавання падаткаў – але гэта занадта дорага для ІП.
«Заўтра тваёй краіны» паспрабаваў разабрацца ў плюсах і мінусах прагрэсіўнага новаўвядзення. Як высветлілася, дзяржава нядрэнна зарабляе на інфармацыйных тэхналогіях.
Аплачваць падаткі праз інтэрнэт дзяржава прапанавала ўсім суб'ектам гаспадарання з 1 красавіка 2009 года. Гэта насамрэч вельмі зручна: не трэба спецыяльна ехаць у падатковую інспекцыю, прастойваць у чэргах, а можна ўсе падатковыя дэкларацыі пераслаць па інтэрнэце. Праўда, для таго, каб скарыстацца такой сучаснай паслугай, плацельшчыкам неабходна зарэгістравацца ў Інфармацыйна-выдавецкім цэнтры па падатках і зборах і набыць там патрэбную электронную праграму. І вось тут пачынаецца самае цікавае.
-- Праграма (ці так званы індывідуальны ключ да яе) каштуе амаль 300 тысячаў рублёў, -- распавядае індывідуальны прадпрымальнік з Берасцейскай вобласці. -- Прычым, кошт аднолькавы і для такіх гіганцкіх прадпрыемстваў, як «МАЗ» ці Трактарны завод, і для індывідуальных прадпрымальнікаў.
Само па сабе зразумела, што праграму трэба ўсталёўваць на сучасны кампутар, які ў райцэнтры мае далёка не кожны прадпрымальнік. Акрамя таго, трэба скончыць спецыяльныя кампутарныя курсы -- а гэта дадатковыя выдаткі.
-- І атрымліваецца, што калі для прадпрыемстваў электроннае дэклараванне -- відавочная выгада, дык для шматлікіх іпэшнікаў -- непад'ёмныя выдаткі, -- падагульняе суразмоўца «Заўтра тваёй краіны».
Па словах сустаршыні Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктара Маргелава падобных скаргаў ад індывідуальных прадпрымальнікаў паступае нямала. Прыватнікі скардзяцца не толькі на тое, што электроннае дэклараванне – дарагая паслуга. Падатковыя інспекцыі прымушаюць іх купляць праграмы электроннага дэкларавання, тлумачачы гэта тым, што да канца 2010 года краіна павінна перайсці на электронную выплату падаткаў.
-- Даходзіць да пагрозаў з боку супрацоўнікаў падатковай інспекцыі, што яны не будуць прымаць падаткі ў папяровым выглядзе, -- кажа Віктар Маргелаў. -- Хаця артыкул 50 Падатковага кодэкса кажа, што падатковыя дэкларацыі прымаюцца ў любым выглядзе, і ніхто гэты артыкул не адмяняў.
Саму ідэю электроннага дэкларавання лідэр прадпрымальнікаў называе вельмі прагрэсіўнай і лічыць, што альтэрнатывы ёй няма. Але пытанне ў тым, як гэтая ідэя рэалізуецца на практыцы.
– Уводзіць праграму сталі ў 2009 годзе, але ў бюджэце на 2010 год пад гэтую праграму не закладзена ні капейкі. Усе новаўвядзенні вырашана ажыццявіць за кошт падаткаплацельшчыкаў, прычым, у абавязковым, а не ў добраахвотным парадку, -- адзначае Віктар Маргелаў. -- Але ў маштабах краіны кошт «ключа», для таго, каб гэтай праграмай скарыстацца, у 300 тысячаў не суадносны. Прычым, у наступным годзе прадпрымальніку прыйдзецца купляць новы ключ і практычна за такую ж суму.
Атрымліваецца, што толькі на падключэнні да сістэмы электроннага дэкларавання індывідуальных прадпрымальнікаў і малых прадпрыемстваў (а іх у краіне зарэгістравана 298 240), дзяржава ў год зможа зарабляць амаль 30 мільёнаў даляраў! Гэта без уліку выплаты падаткаў.
-- На паседжанні ў Саўміне ў прысутнасці прадстаўнікоў Міністэрства па падатках і зборах мы узнімалі гэтае пытанне і казалі, што калі практыка гвалтоўнага электроннага дэкларавання не спыніцца, будзем пісаць у Дзяржкантроль з просьбай праверыць мэтавае выкарыстанне гэтых грошай і мэтазгоднасць такой сумы, -- кажа Віктар Маргелаў. – Чалавек павінен вырашаць сам, як яму зручней плаціць падаткі.
У той жа час намеснік дырэктара ўпраўлення Інфармацыйна-выдавецкага цэнтра па падатках і зборах Вячаслаў Базілеў кажа, што электроннае дэклараванне не носіць абавязковага характару.
-- Ніякіх заканадаўчых нормаў абавязваць чалавека набыць электронную праграму няма. Але рана ці позна ўсе плацельшчыкі пяройдуць на такую форму падатковай справаздачнасці, таму што гэта зручна, проста, даступна і ў дадатак эканоміць час бухгалтара, -- лічыць чыноўнік.
Аднак Віктар Маргелаў перакананы: калі б дзяржава сапраўды хацела палегчыць працу прадпрымальнікаў, дык ўкараняць сістэму электроннага дэкларавання падаткаў трэба было за бюджэтныя грошы, і праграму раздаваць бясплатна.
-- Прымушаць бізнэс купляць права выплачваць падаткі – якая ж гэта лібералізацыя ў сферы прадпрымальніцтва? Гэта чарговая спроба дзяржавы зарабіць на прыватніках, але пад выглядам добрай справы, – перакананы сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.