BE RU EN

Апублікаваныя рахункі дыктатара з горных курортаў (Фота)

  • 29.04.2010, 10:33

Адпачынак Лукашэнкі ў Альпах васьмігадовай даўніны апынуўся ў цэнтры карупцыйнага скандалу ў Аўстрыі.

Бок, які запрашаў, аплаціў візіт з сакрэтнага рахунку, у абыход аўстрыйскіх законаў. Каштавала паездка Лукашэнкі 200 тысячаў еўра. Зараз гэтай справай займаецца аўстрыйская пракуратура.

На след гэтай гісторыі натрапіў аўстрыйскі журналіст і спартовы эксперт Эрвін Рот. На просьбу рэдакцыі «Нашай Нівы» ён перадаў копіі некаторых квітанцыяў на аплату адпачынку Аляксандра Лукашэнкі ў 2002 годзе ў Альпах.

Паводле рахунку з пяцізоркавага гатэля Kosterbrдu, у ім пасялілася 17 чалавек з беларускай дэлегацыі. Люкс, у якім жыў беларускі кіраўнік, каштаваў больш за 700 еўра ў суткі. Ёсць таксама квітанцыі за арэнду лыжнага і хакейнага рыштунку. Варта адзначыць, што рахунак выпісаны да аплаты на імя НАК Аўстрыі.

Як піша ў сваім блогу вядомая беларуская журналістка Святлана Калінкіна ( skalinkina.livejournal.com), згодна з рахункам з гатэля, з Лукашэнкам адпачывалі: Абельская, Канаплёў, Жураўкова, Макей, Пяткевіч, цяперашні амбасадар у Германіі Андрэй Гіро. А таксама нехта Валеры Філіповіч і Кашпар (жылі ў адным нумары), наступныя пары -- Андрэй Латышонак і Мікалай Уцюрын, Андрэй Карпенкаў і Мікалай Ваўчанскі (тут, верагодна, пераблытаныя імёны, таму што цяперашняга галоўнага ахоўніка прэзідэнта завуць Андрэй Уцюрын, а галоўнага «Алмазаўца» Мікалай Карпенкаў). Ледзь ці не самы танны нумар дастаўся сыну прэзідэнта (імя не пазначана, але гэта відавочна не Коля, таму што ён яшчэ не нарадзіўся). А яшчэ былі нехта Бабнёў і Наталля Нескрыенка, паколькі жылі ў недарагіх нумарах, дык гэта, відаць, абслуга.

Нагадаем, што афіцыйная жонка Лукашэнкі - Галіна Радзівонаўна Лукашэнка жыве з яго прыходу да ўлады ў вёсцы Рыжкавічы. А Ірына Абельская, па неафіцыйных звестках, з'яўляецца маці малодшага сына Лукашэнкі - Мікалая.

З квітанцыі можна зразумець, што Лукашэнка атрымаў невялікую траўму сцягна пры катанні на лыжах. Верталёт хуткай дапамогі прывёз яго ў мясцовую клініку. Такса за хвіліну палёту – 66 еўра, усяго машына налятала на 7260 еўра.

100 еўра каштаваў агляд доктара, 200 еўра — лічбавы рэнтген, магнітна-рэзанансны здымак сцягна – 585 еўра. Медыцынскія выдаткі таксама аплаціў аўстрыйскі бок.

Цалкам паездка лукашэнкаўскай дэлегацыі на адпачынак у Аўстрыю каштавала каля 200.000 еўра. Вялікая сума атрымалася з-за звычкі Лукашэнкі адпачываць вялікай кампаніяй, са сваякамі і набліжанымі.

Даражэй за ўсё абыйшлася арэнда самалётаў для авіяпералётаў і арганізацыя дабрачыннага хакейнага турніру для дапамогі ахвярам Чарнобыля (усе выдаткі таксама аплаціў аўстрыйскі бок).

З палітычнага пункту гледжання прымаць прэзідэнту падарунак у выглядзе 200 000 еўра – неэтычна і заганна.

Паўстаюць пытанні і наконт таго, чым кіраваўся аўстрыйскі бок, калі вырашыў зрабіць такі больш чым шчодры падарунак беларускаму дыктатару.

Нічога дзіўнага, што аўстрыйскія арганізатары, а калі казаць дакладна – кампанія Casinos Austria, выявіліся не вельмі сумленнымі гаспадарамі.

Афіцыйнае запрашэнне Аляксандру Лукашэнку было даслана ад імя тагачаснага прэзідэнта НАК Аўстрыі Леа Вальнэра, які адначасова з’яўляецца суўладальнікам буйной сеткі казіно Casinos Austria. Без сумневу, Вальнэр быў зацікаўлены не толькі ў спартовым супрацоўніцтве, але і ў тым, каб пашырыць свой бізнэс на Беларусь. Тым больш, што Casinos Austria — гэта буйная кампанія, найбуйнейшы плацельшчык падаткаў у аўстрыйскую казну. Аднак, як выявіла расследванне Эрвіна Рота, Леа Вальнэр вырашыў аплаціць адпачынак свайго госця праз сакрэтны рахунак, у абыход аўстрыйскіх законаў.

Праўда адкрылася, у Аўстрыі распачаліся рэвізіі, разбіральніцтвы. Вось што піша ўплывовая аўстрыйская газета «Die Presse»:

«Спадар Рот адчыняе сваю чырвоную тэчку. У ёй — чэкі і квітанцыі, якія распавядаюць гісторыю шыкоўнага падарожжа Лукашэнкі і сакрэтнага рахунка НАК Аўстрыі, які быў адчынены ў 2001 годзе ў банку Raiffeisen Bank па ініцыятыве Леа Вальнэра. 3 сакавіка 2002 года кіраўнік разам з жонкай, сынамі і світай паляцеў на 14 дзён у Тыроль. Кошт паездкі — каля 200 000 еўра. Кампанія пасялілася ў двух цудоўных гатэлях паблізу казіно. У дабрачынным хакейным турніры для ахвяраў Чарнобыля Лукашэнка забіў тры галы. Да мерапрыемства далучыўся знакаміты DJ Otzi. Каштавала гэта 47 000 еўра. У тэчцы Рота падшытыя чэкі на аплату гатэльных нумароў, пракат горных лыжаў, арэнду горных бунгала. Напрыклад, бунгала Rosskopfhutte: 16 сакавіка 2002 года, кошт арэнды 1006,40 еўра, замоўлена 70 бутэлек спіртовых напояў. На чэках — нанесеная рукой чалавека пазнака: «Casino Austria, НАК Аўстрыі».

Аўстрыйская газета «Kurier» піша:

«Паводле нашых звестак, былы кіраўнік НАК Аўстрыі і шэф Casinos Austria Леа Вальнэр можа быць уцягнуты ў скандал глыбей, чым гэта падавалася раней. Напрыканцы 2001 года Вальнэр адчыніў сакрэтны рахунак ад імя НАК Аўстрыі, праз які цягам некалькіх гадоў былі перапампаваныя мільёны еўра. Больш за тое, на пачатку 2002 года праз яго рахунак праводзіліся грошы для таго, каб лабіяваць інтарэсы карпарацыі Casinos Austria. Канкрэтна гаворка ідзе пра запрашэнне беларускага кіраўніка ў сакавіку 2002 года. Гэта была шыкоўная паездка для палітыка, якога з-за кепскай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі міжнародная супольнасць назвала «апошнім дыктатарам Еўропы».

Як піша «Die Presse» са спасылкай на Эрвіна Рота, Вальнэр запрашаў Лукашэнку ў Аўстрыю праз НАК Аўстрыі, таму што ў Еўразвязе чыноўнікам забаронена мець афіцыйныя кантакты з дыктатарам.

Апошнія навіны