«Белтэлекам» паабяцаў пашырыць знешні інтэрнэт-шлюз да 70-80 Гбіт/с
- 5.04.2010, 13:27
Пашырэнне плануецца правесці ў два этапы. На дадзены момант прапускная здольнасць канала «ў свет» складае 37 Гбіт/с.
Знешні інтэрнэт-шлюз Беларусі да канца года будзе пашыраны да 70-80 Гбіт/с, паведамілі БелТА ў прэс-службе РУП «Белтэлекам».
На дадзены момант прапускная здольнасць канала «ў свет» складае 37 Гбіт/с. Папярэдняе пашырэнне адбылося ў сакавіку. Тады знешні інтэрнэт-шлюз Беларусі пашырылі на 13 Гбіт/с (у расейскім напрамку на 11 Гбіт/с, у заходнім - на 2 Гбіт/с).
РУП «Белтэлекам» трымае запас каля 30% свабодных ёмістасцяў, бягучая загрузка канала пакуль не перавышае 70%. У цяперашні час 50% канала шырокапалоснага доступу прыпадае на Менск, іншыя 50% - на рэгіёны. Пашырэнне знешняга інтэрнэт-канала Беларусі плануецца ў два этапы: першы - з красавіка, другі - з траўня 2010 года.