BE RU EN

Барыс Кіт: «Дажыць да 100 гадоў мне дапамагло само жыццё» (Відэа)

  • 6.04.2010, 14:40

6 красавіка вялікаму беларускаму асветніку, матэматыку, фізіку і спецыялісту па астранаўтыцы споўнілася 100 гадоў.

Вядомы беларускі асветнік, амерыканскі навуковец, спецыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафесар Мерылендскага ўніверсітэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Кіт адказаў на пытанні журналіста «Радыё Свабода» Валера Каліноўскага.

- Барыс Уладзіміравіч, сто гадоў - цудоўная і нават унікальная магчымасць не толькі падвесці вынікі жыцця, але і ацаніць яго якасць, разабрацца ў яго філасофіі. І таму я хацеў бы, каб вы, зыходзячы са свайго канкрэтнага жыццёвага досведу, адказалі на некалькі агульначалавечых пытанняў. Ну і, найперш, што трэба, каб дажыць да 100 гадоў?

- Каб дажыць да 100 гадоў, ёсць шмат такіх элементаў, прычын, звязаных не толькі з харчаваннем ці захаваннем здароўя, але таксама і з цікавым інтэлектуальным жыццём. І вось гэта мне ўдалося ў маім жыцці. Па-першае, на Беларусі я шмат гадоў быў настаўнікам і вельмі любіў гэтую сваю прафесію. І лічу, што гэта адна з найважнейшых і найцікавейшых прафесій у чалавецтва.

А пазней у Амерыцы мне ўдалося таксама патрапіць у навуку, у даследаванні найцікавейшых рэчаў у астранаўтыцы. Асабліва я ганаруся, што я браў удзел у распрацоўцы падарожжа на Месяц. Гэта Амерыка паспяхова закончыла, паслаўшы 6 разоў сваіх астранаўтаў на Месяц. Адначасна я таксама быў прафесарам Мерылендскага ўніверсітэту, 30 гадоў, што мне таксама давала вялікае задавальненне, бо я вучыў новыя пакаленні навуцы. Вось гэта ўсё паўплывала на тое, што мне Бог даў пражыць так доўга. Аж 100 гадоў. Можа, таксама памагло тое, што на Беларусі на пачатку майго жыцця ў дзяцінстве прыйшлося перажываць страшэнна цяжкія часы, голад і іншае - гэта таксама дапамагло фізычнаму стану чалавека.

А таксама, што самае галоўнае, я стараўся дапамагаць людзям, любіў людзей, дапамагаў ім. І гэта мне прыносіла вялікае задавальненне. Я стараўся ніколі нікому не зрабіць шкоды, гэта значыць, што я маю чыстае жыццёвае сумленне. І гэта, лічу, ёсць вялікая частка прычын таго, што зберагае чалавека, дапамагае яму трымацца здаровым.

- Апрача гэтага, што вам яшчэ прыносіла ў жыцці радасць?

- Само жыццё, вось, напрыклад, кантакты з вялікімі людзьмі, з добрымі сябрамі, шчаслівы шлюб, магчымасць мець выдатных дзяцей. Я меў двух сыноў. На жаль, адзін ужо памёр... Але ён дасягнуў высокіх ступеняў у сваёй кар’еры, сышоўшы ў адстаўку памочнікам кіраўніка НАСА ў Вашынгтоне. Другі мой сын, таксама паспяховы, вельмі шмат мне прыносіў задавальнення, радасці, стаў хірургам, што з’яўляецца складанай прафесіяй. На заканчэнне хачу сказаць, што я шчаслівы чалавек, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці і моманты, калі мне даводзілася ледзьве не памерці, пражыў гэта ўсё, прайшоў. Я лічу, што самы найвышэйшы наш апякун Бог мяне трымаў увесь час у сваёй апецы.

- Як вы ставіліся цягам свайго жыцця да няўдач, бед і праблем?

- Усяго поўна было ў жыцці. Жыццё было доўгае, і праблем было шмат. Ну вось хоць бы тое, што я ўжо згадаў, што я падчас нямецкай акупацыі Беларусі быў арыштаваны, абвінавачаны ў сувязях з партызанамі і правёў у Глыбокім 30 дзён, кожны дзень чакаючы смерці, у камеры смяротнікаў. Ну вось, адна з асноўных цяжкасцяў, што я перажыў.

- Што давала вам сілы гэта перажыць?

- Цікавае ў маім характары тое, што ў самыя цяжкія моманты прыходзіла нейкае такое халоднае цярпенне. Адносіўся да ўсяго з прымірэннем і холадам. Што будзе - тое будзе.

- Барыс Уладзіміравіч, у чалавечым жыцці чаго больш - радасці ці гора?

- Цяжка мераць. Можна было толькі сказаць, што многа было аднаго і другога. Гэта не памераеш ніякай лінейкай.

- Барыс Уладзіміравіч, вам 100 гадоў, і вы можаце напэўна адказаць, ці ёсць узроставая мяжа для кахання?

- Я нармальны чалавек, зразумелая рэч, што я як мужчына меў розныя каханні ў сваім жыцці, ад малых гадоў нават. І меў вельмі такія цудоўныя моманты жыцця, якія правёў з кабетамі. Некаторыя з іх цяпер не жывуць нават, але таксама ёсць такія, што жывуць, і я вельмі ім удзячны, бо, асабліва апошняя мая, Тамара, яна мне вельмі дапамагла ў маім жыцьі ў Нямеччыне. Таму што сама яна высокаінтэлігентная жанчына, дапамагала мне ўсюды, і я яе таксама заўсёды браў з сабою, калі ездзіў на міжнародныя кангрэсы астранаўтыкі.

- І апошняе пытанне: ці ў цэлым вы лічыце сябе шчаслівым чалавекам?

- У апошні момант памёр мой старэйшы сын, і вось гэта мяне вельмі засмуціла. Але наагул да гэтага я мог сказаць, што я сапраўды шчаслівы чалавек.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Быў сведкам лютаўскай рэвалюцыі. Пасля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям'ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазней Наваградскай гімназіі. За беларускую дзейнасць пераследаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Прафесар, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, шмат якіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб'яднанняў. Апошні час жыве ў ФРГ.

Барыса Кіта са 100-годдзем павіншавалі прэзідэнт Нямеччыны Хорст Келер, мэрыя Франкфурта-на Майне, Расейская федэрацыя касманаўтыкі, беларус-касманаўт Уладзімір Кавалёнак… 6 красавіка 17-й гадзіне ў Менску ў залі Палаца мастацтва пройдзе вечарына да 100-годдзя Барыса Кіта, на якой збяруцца ягоныя менскія сябры.

Сам Барыс Кіт адзначыць стогадовы юбілей разам з сям'ёй, жонкай Тамарай Казевіч, сынам Віктарам і іншымі сваякамі, якія прыехалі да яго з Амерыкі.

Апошнія навіны