BE RU EN

Сведка Аляксандр Козел: Паказанні супраць Аўтуховіча з мяне «выбівалі»

  • 8.04.2010, 13:33

У Вярхоўным судзе працягваецца працэс па справе палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі.

У суд з месца пазбаўлення волі быў дастаўлены сведка Аляксандар Козел, які ўжо дапытваўся тыдзень таму, паведамляе «Радыё Свабода». Тады ён, у прыватнасці, сказаў, што на яго падчас следства аказваўся ціск, яго прымушалі абгаворваць Мікалая Аўтуховіча - што той нібыта замовіў падпал дома былога начальніка міліцыі Ваўкавыскага раёна Сяргея Кацубы.

Сёння быў паказаны відэазапіс допыту сведкі Козела, падчас якога ён казаў, што Аўтуховіч мае дачыненне да замовы злачынства. Аднак сёння Аляксандр Козел зноў паўтарыў, што тыя паказанні даваў пад ціскам, што раней яго збівалі, прымушалі сведчыць супраць Аўтуховіча. І ў чарговы раз пацвердзіў, што не ведае аб датычнасці Аўтуховіча да падпалу.

Узнікла пытанне: як у турме абыходзяцца са сведкам? Стала вядома, што вядзецца пракурорская праверка па заяве Козела, якую ён зрабіў у судзе тыдзень таму, адносна ужывання супраць яго незаконных дзеянняў. У сваю чаргу Мікалай Аўтуховіч паспрабаваў супакоіць Аляксандра Козела, каб той не баяўся, а таксама спытаў: ці ведае той, што на Валадарцы існуе так званая «прэс-хата», у якой на зняволеных аказваюць незаконнае маральнае і фізічнае ўздзеянне! Але суддзя Аляксей Цяцюхін, які вядзе працэс, гэтае пытанне зняў.

Нагадаем, што ўсе сведкі, якія праходзяць па справе Аўтуховіча, сведчаць пра моцны ціск з боку следства і заяўляюць пра невінаватасць ваўкавыскага прадпрымальніка, адмаўляючыся ад сваіх ранейшых паказанняў.

Пра псіхалагічны ціск на следстве, напрыклад, заяўляла сведка Людміла Парэмская, былы бухгалтар фірмы Аўтуховіча «Ніка-транс».

«Усё, што я на следстве казала пра зброю, не адпавядае сапраўднасці. Я была ў такім стане, што магла нагаварыць і напісаць усё, што заўгодна, толькі б вызвалілі», - сказала Людміла Парэмская пра свае паказанні адносна знойдзенага ў Гародні гранатамёта.

Прадпрымальнік з Воршы Ігар Пузікаў распавёў суду, што яму пагражалі, абяцалі хуткае вызваленне, дапытваўся ён як падазраваны, і ўсё гэта падзейнічала - ён даў неабходныя паказанні. Узнагародай стала не толькі свабода, але і грошы на квіток з Гародні ў Оршу і бутэлька гарэлкі з рук следчага.

Апошнія навіны