Да Астравецкай АЭС пачалі будаваць чыгунку (Фота)
- 8.04.2010, 16:31
Ужо пракладзена некалькі кіламетраў чыгункі, якая злучыць Ашмяны з Астравецкім раёнам.
Некалькі месяцаў ужо ідзе будаўніцтва чыгуначнай лініі ад станцыі Ашмяны да г.п. Астравец (яна складзе каля 25 км), а дакладней, да будучай атамнай электрастанцыі. Як паведамляе «Еўрарадыё», на сённяшні дзень пракладзена ў тры каляіны некалькі кіламетраў чыгункі ў гэтым кірунку.
У бліжэйшым лесе ідзе расчыстка пляцоўкі для новай чыгуначнай станцыі, дзе будзе праходзіць сартаванне вагонаў з будаўнічымі матэрыяламі, перабудоўваецца чыгуначны мост. З прычыны чыгуначных работ цягнік Маладзечна-Гудагай 8 красавіка курсіраваў толькі да станцыі «Ашмяны».
Адзначым, што дамова аб будаўніцтве АЭС і вылучэнні на яго крэдыту ў Беларусі яшчэ не падпісана. Таксама сваё заключэнне яшчэ не далі краіны-суседзі, якія з'яўляюцца зацікаўленым бокам. Грамадскія слуханні, якія адбыліся ў Вільні, скончыліся правалам для беларускага боку, які так і не змог даказаць бяспеку будучага праекта.