Сустрэча Сікорскага з Лукашэнкам аказалася бессэнсоўнай
- 9.04.2010, 9:49
МЗС Польшчы заклікае беларускія ўлады да дэмакратычных «сістэмным зменаў».
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, выступаючы 8 красавіка ў польскім Сейме, пацвердзіў сваю гатоўнасць да шырокага супрацоўніцтва з Беларуссю. Пры гэтым ён у чарговы раз заклікаў беларускія ўлады правесці сістэмныя змены, якія, у тым ліку, датычаць і пытання польскай меншасьці, паведамляе «Радыё Свабода».
Па словах Сікорскага, гэтыя змены павінны ўключаць у сябе - у адпаведнасці з прынцыпамі дэмакратыі і правоў чалавека - права на свабоду асацыяцыі, якая аб'ядноўвае прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі, чаго і патрабуе Варшава.
Як паведамляе агенцтва РАР, міністр таксама лічыць, што сапраўдны тэст на дэмакратыю прайшла Украіна. На яго думку, апошнія прэзідэнцкія выбары прадэманстравалі якасць грамадзянскай супольнасці ў краіне.
«Мы спадзяемся, што ўкраінскі палітычны клас будзе спрыяць паскарэнню палітычнай і эканамічнай мадэрнізацыі, пра што сведчыць яе праеўрапейскі выбар», - падкрэсліў Сікорскі.
Нагадаем, што ў апошнія месяцы ў Беларусі ўзмацніліся рэпрэсіі супраць Саюзу палякаў. 17 лютага польскі сейм прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў дзеянні Менска ў дачыненні да польскай меншасці ў Беларусі. У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя разгледзець магчымасць вярнуцца да палітыкі санкцыяў у дачыненні да беларускага кіраўніцтва.
На фоне таго, што адбываецца, кіраўнік МЗС Польшчы сустрэўся ў Кіеве з беларускім дыктатарам Аляксандрам Лукашэнкам. Была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні беларуска-польскай камісіі, якая павінна вырашыць сітуацыю з Саюзам палякам Беларусі, аднак сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі з таго часу толькі пагоршылася.