BE RU EN

Еўразвяз: Працэс па справе Аўтуховіча палітычна матываваны

  • 11.05.2010, 9:03

10 траўня амбасада Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе краіну-старшыню Еўразвяза, распаўсюдзіла заяву.

У заяве кажацца, што судовае разбіральніцтва па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Міхаіла Казлова было адзначанае «сур'ёзнымі працэдурнымі парушэннямі» і «можа разглядацца ў якасці палітычна матываванага».

Засноўваючыся на назіраннях дыпламатаў краінаў ЕЗ, а таксама беларускіх праваабаронцаў, брытанская дыпмісія выказала «асаблівую занепакоенасць» заявамі, зробленымі ў судзе сведкамі абвінавачвання, пра тое, што іх паказанні «былі атрыманыя пад фізічным і псіхалагічным ціскам».

«Прымаючы да ўвагі папярэдні актыўны ўдзел Аўтуховіча ў абароне правоў прадпрымальнікаў і ветэранаў вайны ў Афганістане, а таксама яго публічныя заявы пра меркаваныя выпадкі карупцыі, гэты працэс можа разглядацца ў якасці палітычна матываванага», — адзначае прадстаўнік старшыні ЕЗ.

Раней у інтэрв'ю БелаПАН у прэс-службе вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па знешніх сувязях Кэтрын Эштан заявілі: «ЕЗ мяркуе, што актыўная пазіцыя Мікалая Аўтуховіча магла адбіцца на яго прысудзе».

Нагадаем, што 6 траўня Вярхоўны суд абвясціў прысуды па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Аўтуховіч прысуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Асіпенка — да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, яшчэ дваіх абвінавачваных — былога працаўніка фірмы Аўтуховіча Аляксандра Ларына і падпалкоўніка міліцыі Міхаіла Казлова — адпаведна да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму без пазбаўлення права займаць кіраўнічыя пасады.

Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка і Ларын — у захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, Казлоў — у тым, што ён ведаў пра знаходжанне на тэрыторыі школы-ліцэя № 1 Гародні гранатамёта, але не паведаміў пра гэта.

Апошнія навіны