Бясплатны хостынг PAGE.by спыняе працу
- 11.05.2010, 10:19
Праект бясплатнага хостынгу PAGE.by з-за новых правілаў працы ў беларускім інтэрнэце вымушаны спыніць працу.
Як паведамляюць уладальнікі бясплатнага хостынгу, «4 гады мы працавалі для вас, сэрвіс не прыносіў ніякіх грошаў, быў эксперыментам і спосабам дапамагчы пачынаючым беларускім праектам. На жаль, беларуская дзяржава вырашыла «удасканаліць» беларускі інтэрнэт і стварыла непрымальныя ўмовы працы. Перанос сайтаў у беларускі датацэнтр і патрабаванне зарэгістравацца нам падаецца «пераборам» і мы зачыняем праект», перадае Electroname.com.
Праект будзе зачынены 1 ліпеня 2010 года. «Просім своечасова перанесці вашыя сайты ў іншае месца. Спадзяемся на разуменне і дзякуем за супрацоўніцтва», папярэджваюць стваральнікі хостынг-рэсурсу.
Нагадаем, нормы нашумелага ўказу №60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт» і пастанова ўрада №644 забараняюць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам размяшчаць сайты па-за межамі Беларусі. Гэтая забарона распаўсюджваецца і на хостынгавыя кампаніі, якія раней арэндавалі серверы ў замежных датацэнтрах. Улады Беларусі вымушаюць пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслугаў (хостынгавыя кампаніі і інтэрнэт-правайдэраў) зарэгістраваць усе сайты, размешчаныя ў Беларусі, у Дзяржаўным рэестры. Кошт рэгістрацыі аднаго сайта складае 14 тысячаў беларускіх рублёў без ПДВ.