«Белсату» прыйдзецца з'ехаць з Варшавы?
- 12.05.2010, 15:27
Упраўленне польскага грамадскага тэлебачання TVP плануе радыкальнае абмежаванне выдаткаў для тэлеканала «Белсат».
Пра гэта, як перадае «Наша Ніва», паведамляе Polskie Radio са спасылкай на аўтарытэтнае выданне «Dziennik Gazeta Prawna».
Дакумент з прапановай пераносу офіса «Белсата» з Варшавы ў Беластоцкую тэлестудыю і стварэння агульнай рэдакцыі некалькі дзён таму ўпраўленне адправіла кіраўніцтву тэлеканала.
У сакратарыяце «Белсата» інфармацыю аб планах пераносу офіса канала ў Беласток пацвердзілі, аднак каментаваць адмовіліся, спаслаўшыся на адсутнасць канкрэтнага рашэння ў гэтай справе.
Такім чынам, кіраўніцтва TVP спрабуюць зэканоміць сродкі. Акрамя пераносу офіса плануецца скараціць 15 супрацоўнікаў. На сённяшні дзень на «Белсаце» працуе 37 штатных і больш за 30 пазаштатных супрацоўнікаў.
TVP з-за складанага фінансавага становішча скарачае выдаткі не толькі на «Белсаце». Неафіцыйна паведамлена, што кіраўніцтва канала рыхтуе масавыя звальненні 600 ці нават тысячы супрацоўнікаў. Акрамя гэтага рыхтуецца спыненне дзейнасці канала «TVP Historіa» і продаж маёмасці. Дзякуючы гэтаму плануецца атрымаць 90 мільёнаў злотых, паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna».