За салідарнасць з палітвязнямі - штрафы (Абноўлена)
- 12.05.2010, 16:44
Затрыманых пасля суда над Мікалаем Аўтуховічам апазіцыянераў 12 траўня аштрафавалі на буйныя сумы.
Сёння ў судзе Ленінскага раёна Менска судзілі дэмакратычных актывістаў, затрыманых пасля працэсу над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімірам Асіпенкам і Міхаілам Казловым за акцыю салідарнасці з палітвязнямі.
Працэс над Аляксандрам Казуліным вёў суддзя Міхаіл Хома. Падтрымаць былога кандыдата ў прэзідэнты і палітвязня прыйшлі каля 20 чалавек.
Як перадае «Радыё Свабода», Аляксандра Казуліна аштрафавалі на 700 тысяч рублёў (20 базавых велічыняў).
Падчас судовага пасяджэння выступілі міліцыянты: старшына Дзмітрый Чаушаў і сяржант Віктар Ляшкевіч, якія затрымлівалі Аляксандра Казуліна.
Яны заявілі, што Казулін ішоў ад будынка суду, лаяўся, выказваў незадаволенасць у сувязі з дзеяннямі суда і яго рашэннем. Таксама, па словах супрацоўнікаў міліцыі, Аляксандр Казулін нецэнзурна лаяўся ў іх адрас. Міліцыянты нібыта зрабілі яму заўвагу, але палітык не адрэагаваў, пасля чаго Казуліна затрымалі і адвялі ў міліцэйскі аўтобус. Пры гэтым сведкі блыталіся ў сваіх паказаннях.
Па словах Чаушава, Аляксандру Казуліну зрабілі заўвагу насупраць мастацкага музея і потым адвялі ў аўтобус. Гэтак жа, як заяўляў Чаушаў, ён быў у плямістай міліцэйскай форме, на якой было напісана «спецназ».
Другі міліцыянт заявіў, што Казуліна спынілі і зрабілі яму першую заўвагу яшчэ да вул. Кірава, каля скрыжавання, то ёсць значна бліжэй да будынку суду. Як заявіў Ляшкевіч, ён быў апрануты ў чорную міліцэйскую форму з надпісам "Міліцыя", што супярэчыла паказанням першага міліцыянта.
Аляксандр Казулін заявіў, што ён нікога не абражаў, не лаяўся, не крычаў. Калі ён выйшаў з суду, людзі на вуліцы скандавалі «Свабода».
На вуліцы Карла Маркса яго спынілі міліцыянты, затрымалі і адразу адвялі ў міліцэйскі аўтобус. Разам з ім былі затрыманыя Алесь Макаеў, Мікола Дземідзенка і Уладзімір Яроменка. У аўтобусе Дземідзенка збівалі.
Моладзевыя актывісты Мікалай Дземідзенка, Уладзімір Яроменка, а таксама лідэр прадпрымальнікаў Алесь Макаеў сёння былі таксама аштрафаваныя на 525 тысяч рублёў (15 базавых велічыняў) кожны.
Аляксандр Казулін
Алесь Макаеў