Рэдактар газеты «Таварыш» і актывіст АГП арыштаваныя і адпраўленыя ў СІЗА
- 18.05.2010, 22:23
Сяргея Вазьняка і Андрэя Дзмітрыева перавялі ў статус падазраваных у крымінальнай справе, у межах якой 18 траўня прайшлі масавыя ператрусы.
Інфармацыю адносна затрымання журналіста сайту charter97.org пацвердзіў лідэр партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін. Нагадаем, што газета «Таварыш», рэдактарам якой з'яўляецца Сяргей Вазьняк, выдаецца менавіта гэтай партыяй.
Журналіста ўзялі пад варту пакуль на трое сутак – да вызначэння меры стрымання.
Такім жа чынам пасля допыту абышліся з актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэем Дзмітрыевым.
Нагадаем, што крымінальная справа ўзбуджаная па артыкуле 250 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах). У межах гэтай крымінальнай справы 18 траўня па ўсёй краіне прайшлі ператрусы ў актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!». Дзесяткі актывістаў былі дапытаныя, у іх у кватэрах і ў офісах кампаніі былі канфіскаваныя кампутары і ўсе друкаваныя матэрыялы. Пакуль незразумела, як у межы гэтага крымінальнага артыкула ўпісваюцца матэрыялы «Гавары праўду!».