Някляеў правёў ноч у РУУС. Раніцай – допыт
- 19.05.2010, 8:49
Лідэра кампаніі «Гавары праўду», паэта Уладзіміра Някляева затрымалі ўначы 19 траўня пасля ператруса ў яго кватэры.
Ноч паэт правёў у Ленінскім РУУС Менска. Пра гэта «Радыё Свабода» паведаміла яго жонка Вольга. Допыт Някляева працягнецца сёння, у 9.00.
Уладзіміра Някляева затрымалі пасля ператрусу ў яго кватэры. Калі яго выводзілі, ён звярнуўся да следчых з пытаннем, чаму яго вязуць на допыт уначы, калі заканадаўства патрабуе рабіць гэта ўдзень.
«Падчас ператрусу канфіскавалі два кампутара, флэшкі, дыскі, нататнікі, паперы, усё, што ляжала ў кніжным стале, - паведаміла Вольга Някляева. На флэшках былі тэксты, якія Уладзімір пісаў апошнія 7 гадоў. Дзяжурны міліцыянт паведаміў, што яго пакінуць у РУУС да раніцы, потым допыт, а затым, напэўна, павязуць на Акрэсціна».
Нагадаем, што крымінальная справа ўзбуджаная Ленінскім РУУС Менска па артыкуле 250 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах). У межах гэтай крымінальнай справы 18 траўня па ўсёй краіне прайшлі ператрусы ў актывістаў грамадзянскай кампаніі «Кажы праўду!» Дзесяткі актывістаў былі дапытаныя, у іх у кватэрах і ў офісах кампаніі былі канфіскаваныя кампутары і ўсе друкаваныя матэрыялы. Пакуль незразумела, як у межы гэтага крымінальнага артыкула ўпісваюцца матэрыялы «Гавары праўду!».
Пасля допытаў былі затрыманыя рэдактар газеты «Таварыш» Сяргей Вазьняк і актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Дзмітрыеў.
Сёння паплечнікі Някляева правядуць прэс-канферэнцыю ў 12 гадзінаў на Управе ПБНФ.