Вайна з люстэркам
- Святлана Калінкіна, skalinkina.livejournal.com
- 19.05.2010, 9:42
Не ведаючы, як павярнуць гісторыю назад, вар'яты пры пасадах азвярэла лупяць па люстэрку. Але ў грамадстве разумеюць - сітуацыю трэба мяняць.
Калі разбіць люстэрка, дык прыгажэй ад гэтага не станеш. Калі разбіць усе люстэркі, дык, магчыма, нейкі час будзеш не так востра камплексаваць з нагоды ўласнай пачварнасці.
Але ўсё адно рана ці позна з'явіцца нейкае дзіцё, якое, не ведаючы правілаў, прамовіць тое, што думаюць і бачаць усе: «А кароль жа голы!»
Наш кароль голы. Для яго небяспечныя непадкантрольныя СМІ, для яго небяспечныя незалежныя сацыёлагі, для яго страшная любая несанкцыянаваная грамадская ініцыятыва. Ён так доўга пужаў усіх, што зараз тым больш відавочна: ён сам страшна спалохаўся. Тое, што адбываецца – ператрусы па ўсёй краіне, нават не матываваныя фармальна чым-небудзь прыстойным, -- гэта сутаргі жаху перад будучыняй.
Прычым, асаблівы каларыт сітуацыі надаюць адначасовыя заявы прадстаўнікоў афіцыйных уладаў пра тое, што яны будуць пашыраць кантакты з Еўропай. Заявы, якія прагучалі якраз у дзень масавых пагромаў інтэрнэт-сайтаў, грамадскіх ініцыятываў, актывістаў, палітыкаў, сацыёлагаў…
Калі не ведаць, у якой краіне жывеш, дык можа падацца, што ў атачэнні Лукашэнкі акапаліся «варожыя агенты», якія робяць усё магчымае і немагчымае для таго, каб не дапусціць нармалізацыі стасункаў беларускага кіраўніка з цывілізаваным светам. Сапраўды, нармальнаму чалавеку тое, што адбываецца, можа падацца занадта абуральным, дэманстратыўна нахабным, тэатральным, наўмысным. У нас жа ёсць закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці, у адпаведнасці з якім спецслужбы могуць увайсці ў любы офіс, у любую кватэру і ціха, без шуму агледзець там усё, што заўгодна, -- і кампутары, і паперкі. Але не, яны ўрываюцца ў бронекамізэльках, у масках, каб гэта было як мага больш эфектна, як мага больш заўважна.
Ці яшчэ больш абуральны прыклад – прывядзенне ў выкананне двух смяротных прысудаў у той час, калі нават структуры ААН прасілі афіцыйны Менск пачакаць з расстрэламі, паколькі яшчэ нават не скончаная афіцыйная працэдура абскарджання прысудаў. Але не, камусьці вельмі трэба было зэканоміць на місцы вадкай арыштанцкай кашы. Ці проста пастраляць. Але так пастраляць, каб рыкашэтам пайшло па ўсіх міжнародных арганізацыях і нават тых заходніх палітыках, якія насуперак здароваму сэнсу мелі нейкія ілюзіі адносна перавыхавання беларускага кіраўніка.
І ўсёткі вялікая памылка лічыць, што на такія абуральныя крокі Лукашэнку правакуе нехта. Нашая дзяржаўная палітыка была ёсць і застаецца залежнай ад аднаго чалавека. Ад яго страхаў і яго комплексаў, ад яго хваробаў і яго настрою, ад яго мовы і яго розуму. Яму цяпер вельмі страшна. І адсюль усе гэтыя перадвыбарчыя спектаклі ў бронекамізэльках.
Таму што можна забараніць казаць праўду кампаніі «Гавары праўду!», можна міфічнаму і невядомаму руху «Наперад!» даць каманду «Назад!», можна ў Калінкінай, Халіп, Радзінай, Коктыш і тых, што з імі, забраць усе кампутары, асадкі, паперу… Але нельга заплюшчыць людзям вочы, раты, памяняць ім галавы. Праблема не ў канкрэтных персаналіях і нават не ў ананімным інтэрнэце. Таму што калі звычайныя абывацелі бачаць пяцігадовага хлапчука ў ваеннай форме, якому аддаюць чэсць генералы, яны без чыёй-небудзь падказкі разумеюць, хто імі кіруе. Калі апалітычныя разявакі ўпадаюць у шок ад выгляду Царскага сяла ў Драздах, яны ўжо самі дадумваюцца, чаму ў дзяржавы хранічна не хапае сродкаў на нармальныя пенсіі і дапамогі. Нарэшце, калі яны прыходзяць на выбары, каб сказаць «Не! Так не павінна быць! Так не можа быць у цывілізаванай краіне!», а ім пасля гэтага па ўсіх каналах вядомы твар вяшчае: «Мяне абраў народ» -- яны ўжо самі ўцямяць, хто гэты народ і ў якіх структурах ён працуе.
У грамадстве яшчэ няма веры, што сітуацыю можна змяніць, але ўжо ёсць разуменне, што мяняць трэба. І Лукашэнка гэта ведае, і яго атачэнне гэта ведае, і яго спецслужбы гэта ведаюць. Таму, не разумеючы, як павярнуць гісторыю назад, вар'яты пры пасадах азвярэла лупяць па люстэрку.