BE RU EN

За перавышэнне хуткасці пачнуць караць аўтаматам

  • 20.05.2010, 10:48

Камеры хуткасці ў Беларусі плануецца ўзаконіць у Кодэксе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Гэта прадугледжана законапраектам аб новых папраўках ў КоАП, які знаходзіцца на разглядзе ў парламенце, паведаміў БелТА «дэпутат» Пастаяннай камісіі «палаты прадстаўнікоў» па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Мікалай Андрэйчук.

Новы варыянт кодэкса ўключае артыкул 4.9 аб адказнасці ўласніка (уладальніка) транспартнага сродку. Пад адміністрацыйнае спагнанне будуць падпадаць аўтаўладальнікі «у выпадку фіксацыі перавышэння хуткасці руху спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі з функцыямі фота, кіназдымання, відэазапісу, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме». Прычым да адказнасці прыцягнуць менавіта ўласніка машыны, ён будзе лічыцца парушальнікам «па змаўчанні». Калі ў момант фіксацыі правапарушэння за рулём знаходзіўся іншы чалавек (напрыклад, машыну скралі ці яна была часова перададзеная каму-небудзь), уладальніку прыйдзецца даказваць сваю невінаватасць.

Штрафныя санкцыі за парушэнне хуткаснага рэжыму застануцца ранейшымі. Як патлумачыў «дэпутат», пасля ўнясення паправак у КоАП інфармацыя з камераў хуткасці стане «самастойнай крыніцай доказаў».

Мікалай Андрэйчук не змог адказаць, якім менавіта чынам ДАІ будзе апавяшчаць аўтаўладальнікаў аб здзейсненым правапарушэнні і неабходнасці выплаціць штраф. «Працэдуру апавяшчэння трэба будзе вызначыць Міністэрству ўнутраных справаў пасля прыняцця законапраекта», - сказаў ён, дадаўшы, што разгляд паправак у КоАП у першым чытанні адбудзецца падчас бягучай вясновай сесіі парламента.

Як паведамлялася, Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі планавала рассылаць апавяшчэнні аб выплаце штрафу ці аб іншых санкцыях, прадугледжаных законам, у канвертах па пошце, рэалізуючы такім чынам прынцып дыстанцыйнага пакарання, без непасрэдных стасункаў кіроўцы і супрацоўніка ДПС. У ДАІ таксама не хаваюць, што на трасе М1/Е30 Берасце-Менск-мяжа Расеі ліхачоў ужо даўно здымаюць на відэакамеры. Прылады аўтаматычна фіксуюць аўтамабіль, які перавысіў дапушчальны хуткасны рэжым. Інфармацыя пра парушальніка імгненна паступае ў Цэнтр кіравання ў Менску. Такімі ж камерамі хуткасці ў далейшым будуць абсталяваныя дарогі сталіцы і іншых рэгіёнаў Беларусі. Пакуль тэхніка працуе ў тэставым рэжыме.

Апошнія навіны