Нафта ад Уга Чавеса - авантура і эпатаж
- 21.05.2010, 8:40
Праект транспартавання нафты ў Беларусь мог стаць вынікам схільнасці Лукашэнкі і Чавеса да эпатажу.
Такое меркаванне выказала 20 траўня ІА «Регнум» старэйшы эксперт Інстытута энергетыкі і фінансаў Марыя Бялова.
Нагадаем, 18 траўня намеснік дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Аляксандр Дзямідаў заявіў, што Менск плануе набыць 4 млн тон венесуэльскай нафты на працягу 12 месяцаў. Пры гэтым раней, паводле планаў беларускага кіраўніцтва, гаворка ішла пра закупку 4 млн тон да канца бягучага года і яшчэ 10 млн тон - у будучым годзе.
«Я не змяніла сваёй скептычнай пазіцыі ў дачыненні да гэтай ініцыятывы. Эканомікі ў гэтага праекта няма, яна нулявая, калі не адмоўная. Наколькі я разумею, на сёння ў Адэскі порт прыйшоў толькі адзін «васьмідзесяцітысячнік», які нібыта быў перапрацаваны. Пра тое, на якіх умовах ён прыйшоў, абсалютна невядома. Да прыкладу, ЮКАС у свой час у Наварасейскім порце ўрачыста загрузіў стотысячны танкер, які прыплыў у Амерыку, пасля чаго было заяўлена, што пачынаюцца пастаўкі расейскай нафты ў ЗША. Так, нафта пастаўляецца, але відавочна не ў каласальных аб'ёмах, займаючы меней за 5% нашага экспарту. Таму я дапускаю, што гэты першы танкер мог быць добрай воляй Уга Чавеса, магчыма, ён наогул загрузіў яго бясплатна», - выказала меркаванне Бялова.
«Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес - людзі авантурныя і схільныя да эпатажу. Нельга выключаць, што беларускі кіраўнік проста сказаў венесуэльскаму калегу: «Прывязі мне нафту, давай паглядзім, як адрэагуюць расейцы. Ты ж возіш у выглядзе матэрыяльнай дапамогі цыстэрны з дызелем у бедныя кварталы Нью-Ёрка?». Але Расея на гэта ніяк афіцыйна не адрэагавала. Па сутнасці ж, стала бачна, напрыклад, што транспартаваць будуць не па трубе, а па чыгунцы. Гэта каштуе проста шалёных грошай. Плюс да гэтага, я не вельмі разумею, як яе там перапрацоўваюць», - адзначыла эксперт.
У адказ на просьбу карэспандэнта ІА REGNUM Навіны пракаментаваць інфармацыю пра тое, што цяпер абмяркоўваецца адпраўка другога танкера, Бялова сказала: «Вы разумееце, што калі ўжо зараз заяўляецца пра тое, што 4 млн тон нафты плануецца паставіць у Беларусь за 12 месяцаў, а не да канца года, дык, прынамсі, не ўсё ідзе гладка. Прыгнаць танкер нескладана, калі наладжаная лагістыка і ёсць адпаведныя дамоўленасці, дык ніякіх праблемаў няма. Складанасці ўзніклі з доступам да трубы «Адэса-Брады», які проста не атрымалася атрымаць. Транспартаваць нафту па чыгунцы? Кошт пытання велізарны».
Кажучы пра магчымасць транспартавання венесуэльскай нафты праз Клайпедскі порт у Літве, эксперт адзначыла, што нафтаправод, які вядзе адтуль, на адным з участкаў належыць Расеі. «Пазіцыя «Транснафты» у дачыненні да гэтага такая, што труба знаходзіцца ў дрэнным стане, таму працаваць яна не будзе. У свой час Расея яе проста спыніла, напляваўшы на прыбыткі. Калі трубу, якая мае вялікі знос, спыніць, дык потым рэанімаваць яе будзе даражэй. Калі «Транснафце» паступіць прапанова зноў запусціць нафтаправод, дык яна проста адхіліць яго з палітычных меркаванняў», - падкрэсліла Бялова.
«Можна, ізноў жа, па чыгунцы. Але гэта таксама звязана з велізарнай колькасцю праблемаў. Абыйсці інтарэсы Расеі тут не атрымаецца, пры гэтым і дамовіцца з ёй наўрад ці атрымаецца», - падвяла вынік Марыя Бялова.