BE RU EN

У Беларусь паступіў арыгінал запыту аб выдачы Бакіева

  • 21.05.2010, 11:52

Матэрыялы на 18 старонках у цяперашні час «вывучаюцца».

Як паведамілі БелаПАН у Генпракуратуры Беларусі, туды па пошце паступілі арыгінал запыту аб выдачы зрынутага прэзідэнта Кыргызтана Курманбека Бакіева і матэрыялы ў дачыненні да яго.

Па словах суразмоўцы агенцтва, матэрыялы на 18 старонках у цяперашні час вывучаюцца. Нагадаем, копія запыту паступіла з Кыргызтана па факсе 11 траўня.

Нагадаем, што Курманбек Бакіеў знаходзіцца ў Беларусі з 19 красавіка. Рашэнне аб падаванні яму палітычнага прытулку прыняў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Гэта выклікала пратэсты з боку новых уладаў Кыргызтана, а таксама сваякоў загінулых дэманстрантаў, страляць па якіх аддаў загад Бакіеў. Ля амбасады Беларусі ў Бішкеку ўвесь час праходзяць пікеты. Новыя ўлады Кыргызтана патрабуюць экстрадыраваць Бакіева на радзіму, аднак беларускія ўлады адмаўляюцца.

Вядома, што Бакіеў разам з адной са сваіх неафіцыйных жонак і дзецьмі пражывае ў рэзідэнцыі Лукашэнкі – у Драздах ці ў Бярэзінскім запаведніку.

Апошнія навіны