BE RU EN

Расея прапанавала Польшчы разам будаваць АЭС

  • 21.05.2010, 16:18

Краіны могуць разам будаваць Балтыйскую атамную электрастанцыю ў Калінінградскай вобласці.

Пра гэта заявіў міністр інфраструктуры Польшчы Цэзар Грабарчык пасля пасяджэння расейска-польскай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, перадае Lenta.ru.

Па словах Грабарчыка, Расея плануе экспартаваць электраэнергію з АЭС у Еўропу, у чым ёй можа дапамагчы Польшча.

Пры закладцы першага каменя Балтыйскай АЭС кіраўнік «Росатама» Сяргей Кірыенка ужо заяўляў, што Расея гатовая прыцягнуць да будаўніцтва замежных інвестараў, але адзначаў, што абавязковай задачы прадаць долю ў АЭС у «Росатама» няма. У перспектыве Расея можа аддаць інвестарам да 49 адсоткаў электрастанцыі.

Чакаецца, што першы энергаблок Балтыйскай АЭС будзе пабудаваны ў 2016 годзе, а другі - у 2018-м. Разам яны дадуць 2,3 тысячы мегават усталяванай магутнасці.

У апошнія гады адразу некалькі краін, якія маюць выхад да Балтыйскага мора, абвясцілі аб планах па будаўніцтве АЭС. Акрамя Расеі, свае электрастанцыі хочуць пабудаваць у Беларусі, Літве і Польшчы. Калі усе праекты будуць ажыццёўленыя, то ўсе чатыры АЭС змогуць канкурыраваць паміж сабой. У Літве ўжо неаднаразова выступалі супраць беларускай АЭС, так як яе плануецца пабудаваць побач з мяжой Літвы. У выпадку аварыі радыяцыя можа дасягнуць Вільні, асцерагаюцца ў гэтай краіне.

Апошнія навіны