Еўразвяз асудзіў масавыя ператрусы дэмакратаў у Беларусі
- 22.05.2010, 14:39
Амбасада Вялікабрытаніі, якая прадстаўляе ў Беларусі Гішпанію, што старшынюе ў Еўразвязе, увечары 21 траўня выступіла з заявай.
Заява прынятая «з нагоды дзеянняў, зробленых супраць грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» у Беларусі» і ў ёй выказаная глыбокая занепакоенасць «праведзенымі міліцыяй 18 траўня ператрусамі ў 20 памяшканнях, што маюць дачыненне да грамадзянскага руху, які праводзіць у Беларусі кампаніі па грамадскіх пытаннях».
«Мы заклікаем ўлады забяспечыць свабоду слова, свабоду доступу да інфармацыі і свабоду сходаў, прадугледжаныя артыкуламі 33, 34 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», - кажацца ў заяве.
Еўразвяз «прытрымваецца цвёрдага пераканання, што дэмакратычнае развіццё магчымае толькі ў тых выпадках, калі існуе свабода выказвання розных меркаванняў, а крыніцы незалежнай інфармацыі дасягальныя для ўсяго насельніцтва ў цэлым».
«Гэтыя пытанні набываюць асаблівую важнасць у святле надыходзячых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны быць праведзеныя не пазней за люты 2011 года», - падкрэсліваецца ў дакуменце.