ЗША падоўжылі частковае прыпыненне санкцыяў у дачыненні да Беларусі
- 25.05.2010, 11:01
Гэтае рашэнне прынятае да 30 лістапада ў дачыненні да прадпрыемстваў «Полацкшкловалакно» і «Лакафарба». Астатнія санкцыі ЗША застаюцца ў сіле.
ЗША падоўжылі да 30 лістапада 2010 года прыпыненне санкцыяў у дачыненні да прадпрыемстваў «Полацкшкловалакно» і «Лакафарба». Астатнія адпаведныя санкцыі ЗША застаюцца ў сіле, паведамляецца ў прэс-рэлізе амбасады ЗША ў Менску:
– На жаль, нядаўнія падзеі, у ліку якіх - рэйды супраць няўрадавых арганізацыяў на мінулым тыдні, сведчаць пра тое, што дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да асноўных свабодаў працягваюць насіць негатыўны характар.
Паляпшэнні ў амерыкана-беларускіх стасунках магчымыя толькі пры ўмове рэальнага прагрэсу ў галіне дэмакратыі і захавання асноўных правоў чалавека. Гэтая сітуацыя будзе ўлічвацца падчас прыняцця рашэння аб далейшым прыпыненні санкцыяў у лістападзе.